12‑й кнігай у сэрыі «Бібліятэка Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» — заснаваная ў 2004 г. — стаў зборнік «Адзін Госпад, адна вера, адзін Хрост».

Адзін Госпад, адна вера, адзін Хрост / Укл., прадм. А. Любіча; бібліягр. Л. Юрэвіча. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 336 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 12).

Укладальнік кнігі Андрэй Любіч тлумачыць у прадмове назву кнігі: «Адзін Госпад, адзін Спадар — для праваслаўных, католікаў, уніятаў. Адзін — для беларусаў у Беларусі й па‑за яе межамі. Гэта адзінства — Богу й веры — і ёсьць зьместам і ідэяй прапануемай кнігі».

У зборнік уключаныя працы а. Л. Гарошкі «Беларускія сьвятары й рэлігійныя дзеячы Беларусі», «Праз навальніцы й нягоды»; В. Пануцэвіча «Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква»; А. Салагуба «Аўтакефалія»; артыкул Зоры Кіпель «Традыцыя Еўфрасіньні Полацкай на эміграцыі»; мастацкі нарыс У. Глыбіннага пра ягонае падарожжа ў 1966 г. у Ерусалім «На сьвятой зямлі».

Друкуецца ў зборніку выбраная бібліяграфія газэтаў «Бацькаўшчына» і «Беларус».

«Спадзяемся, што гэта публікацыя спрычыніцца да ўшанаваньня памяці людзей — сьвецкіх і сьвятароў, — якія прысьвяцілі сваё жыцьцё пашырэньню Божага Слова сярод беларусаў, і да ўмацаваньня ідэі царкоўнае й нацыянальнае еднасьці беларускага народу, еднасьці ў разнастайнасьці, што ёсьць падставай да дыялёгу паміж беларусамі розных канфэсій у духу ўзаемнае павагі і любові», — зазначае А. Любіч.

Зборнік «Адзін Госпад, адна вера, адзін Хрост» прысьвячаецца сьветлай памяці Зоры Кіпель —дасьледніцы, якая зрабіла вельмі шмат для пашырэньня і папулярызацыі беларусікі за мяжой.

14 красавіка — чатыры гады, як яе няма з намі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0