Аглядальнік агенцтва БелаПАН Руслан Бацянкоў і карэспандэнт газеты «Народная воля» Алесь Сівы пракаментавалі Радыё Свабода інфармацыю пра тое, што беларуская лёгкаатлетка Надзея Астапчук была пазбаўленая алімпійскага золата за ўжыванне допінгу.
Бацянкоў: «Спартовец ведае, за што змагаецца. Гэта 150 тысяч даляраў за золата, гэта грошы, якіх у беларускіх умовах хапае надоўга.
Я не думаю, што беларускія спартоўцы тут нечым адрозніваюцца ад іншых. Бо на допінгу трапляюцца спартоўцы з любых краінаў,і Беларусь тут не ў першых шэрагах. Проста мы гэта балюча ўспрымаем, бо гэта нашы».
Алесь Сівы: «На Алімпіядзе было дастаткова іншых допінгавых скандалаў. Іншая справа, што самі спартоўцы, тая ж Астапчук, магла і не ведаць, што яна ўжывала. І тут трэба праверыць усе факты, правесці расследаванне. Бо допінгавыя скандалы сталі ўжо звычайнай справай, да якой мы ўсе прызвычаіліся. Самае страшнае зараз, што трапляюцца на гэтым шмат беларускіх маладых спартоўцаў, якія яшчэ нічога не выйгралі.
Але іхнія трэнэры дзеля высокіх вынікаў гатовыя ісці на тое, каб з маленства прывучаць да дасягнення вынікаў такімі метадамі.Натуральна, што пакуль за руку ніхто не злоўлены, абвінавачваць нікога нельга».
«Давайце ўдакладнім. Спартоўцы, якія злоўленыя на допінгу, часта гавораць у сваё апраўданне, што гэта былі лекі ад кашлю, лекі ад астмы і гэтак далей. Вы сапраўды верыце, што магчымы такі варыянт, што трэнкры, лекары могуць нешта падсунуць, а сам спартовец не ведаў, што ён прымаў?»
Сівы: «Я кажу пра канкрэтны выпадак. Ведаючы Надзею Астапчук, я не веру, што яна б пайшла на такое».