Польская паліцыя затрымала чатырох футбольных фанатаў, якія 12 жніўня зладзілі бойку з прадстаўнікамі Беларускага дома ў Варшаве.
Як паведаміў судырэктар Беларускага дома Зміцер Бародка, сёння паліцыя праводзіць апытанне пацярпелых і сведак здарэння. Некалькі чалавек, паводле яго слоў, былі апытаныя яшчэ ўчора.
Судырэктар Беларускага дома мяркуе, што аператыўна знайсці тых, хто нападаў, паліцыі дапамаглі фотаздымкі, зробленыя падчас бойкі.У той жа час ён адзначае, што беларусам пакуль не вядома, каго менавіта з футбольных фанатаў затрымала паліцыя, а пацярпелым яшчэ трэба будзе прайсці працэдуру іх апазнання.
Як паведамлялася раней, 12 жніўня ў Варшаве адбылася бойка паміж футбольнымі хуліганамі, фанатамі клуба «Легія» Варшава, і зборнай камандай па футболе ад Беларускага дома. Гэта адбылося да пачатку футбольнага турніру на Кубак Беларускага дома з удзелам камандаў тэлеканала «Белсат», «Еўрарадыё», «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага інфармацыйнага дома.