Напачатку Вячаслаў Дашкевіч катэгарычна адмовіўся размаўляць пра гэта — не хоча, каб яно разносілася.
Аднак потым прызнаўся, што сам міжволі прагаварыўся… Уладзіміру Някляеву.

«Я зрабіў глупства, калі быў на прыёме ў амерыканскай амбасадзе і сказаў пра гэта Някляеву — дагэтуль ніхто пра гэта не ведаў. А я зрабіў глупства, бо там было вельмі многа цудоўнага віна — адсюль усё і пайшло…».

Высветлілася, што мы заспелі спадара Вячаслава па дарозе ў Бараўляны.

«Кладуся на нейкае абследаванне і лячэнне. Там казалі, быццам бы 4–5 дзён, тады яшчэ столькі ж цераз два тыдні — і так тры разы цераз два тыдні», — кажа сп. Вячаслаў.

Спадар Вячаслаў шчыра здзіўляецца, чаму ад таго моманту, як хваробу агледзелі, да моманту пачатку лячэння прамінула ажно паўгода.

«Мая дачка ад першага шлюбу ў Літве жыве. І калі я сказаў пра гэтую тэму, яна спытала, калі стала вядома пра маю хваробу. Я адказаў, што ў сакавіку. Яна сказала: «Як гэта так! Паўгода прайшло — і табе нічога не робяць! У нас адразу бяруць на лячэнне!» А мне тут сказалі, што яна «вельмі павольна, гэтая хвароба праходзіць».

Трэба адзначыць, што за ўвесь час размовы спадар Вячаслаў ні разу не сказаў уголас дыягназ — «рак». Кажа пра гэта толькі ўскосна — «анколаг сказаў», «другая стадыя», «лячэнне ў Бараўлянах»… Упершыню падазрэнне на хваробу з’явілася яшчэ тры гады таму.

Тады спадар Дашкевіч не стаў правярацца, бо не меў грошай на платны аналіз.

«Наш раённы анколаг яшчэ тры гады таму накіроўваў мяне ў Слуцк на гэты аналіз, бо ў нас у Старых Дарогах яго не робяць. Прытым гэта аналіз платны, а ў мяне тады грошай было, як кажуць, упрытык. Ну і не паехаў я. А сёлета, дзесьці ў пачатку года, мне трэба была даведка на санаторнае лячэнне. Зноў гэты ж самы доктар мяне зноў накіраваў на тое самае даследаванне ў Слуцк. Я вырашыў праверыцца — праўда, платнае, дваццаць з нечым тысяч. І сказалі, што нейкага рэчыва ў мяне ў крыві больш за паўтары нормы. Потым у Бараўляны накіравалі, там пацвердзілі. І вось з сакавіка да гэтага часу ўсё цягнецца… Хоць я сам не адчуваю нічога. Але мне сказалі: як будзеце адчуваць, ужо позна будзе. Ну, другая ступень пакуль што…»

Спадару Вячаславу цяжка размаўляць наконт сына. Нагадаем, цяпер на Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу нібыта за парушэнне рэжыму ў калоніі. Лідар «Маладога фронту» ўжо скончыў азнаямленне з матэрыяламі следства, яго чакае суд, які можа «накінуць» новы тэрмін.

«Я не чакаю нічога добрага. Сын мой, гэты сын мой, ён не церпіць, я б сказаў, ніякага кампрамісу.
Ніякага. У нас бываюць нават спрэчкі наконт гэтага. Не можа ён сагнуцца, не можа. Яго можна толькі зламаць, а сагнуць яго нельга.
Пакуль будзе Лукашэнка, ён будзе сядзець у турме… Для мяне гэта непад’ёмная тэма…».

«Даўно ўжо, месяцы чатыры ці пяць таму… Вось за два гады адно толькі спатканне было кароткае з ім… Больш яму пакуль што не дазволена»

Зміцер Дашкевіч ведае пра хваробу бацькі, усяляк падтрымлівае яго ў лістах.

«Выхоўвае мяне — каб я не гаварыў абы-чаго сродкам масавай інфармацыі…», — кажа Вячаслаў Дашкевіч.

Нагадаем, ужо калі Зміцер адбываў тэрмін у калоніі, у яго раптоўна памерла маці. Цяпер вось — страшная хвароба бацькі… Аднак будзем спадзявацца, што тут чашу пранясе міма — прынамсі, лекары кажуць, што заўважана хвароба своечасова і мусіць паддацца лячэнню.

    18 снежня 2010 года, напярэдадні выбараў прэзідэнта, Змітра Дашкевіча і яго таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў сталіцы па абвінавачанні ў збіванні двух мінчан. 24 сакавіка 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
    Нядаўна ў дачыненні да Дашкевіча распачалі новую справу — па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). У выпадку прызнання віны яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да года. Цяпер Дашкевічу застаецца адбыць менш чым пяць месяцаў пакарання.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?