Вядомы юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, распачаў цыкл артыкулаў, прысвечаных магчымым варыянтам канстытуцыйнай рэформы. Папярэдні быў аб прэзідэнцкай уладзе.

Як вядома, паводле Канстытуцыі 1994 г. у краіне функцыянаваў аднапалатны парламент — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.
Ён быў найвышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзейным і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь (арт. 79).

Вярхоўны Савет складаўся з 260 дэпутатаў, якія выбіраліся шляхам усеагульных, наўпростых і свабодных выбараў па аднамандатных акругах.

Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета складаў пяць гадоў. Датэрміновае спыненне паўнамоцтваў парламента магло мець месца на падставе пастановы, прынятай не менш чым дзвюма трацінамі выбраных дэпутатаў.

Згодна з арт. 83 Канстытуцыі, Вярхоўны Савет меў дастатковыя паўнамоцтвы для ажыццяўлення сваіх функцый.
У прыватнасці, ён мог прызначаць рэспубліканскія рэферэндумы; прымаць і змяняць Канстытуцыю; даваць тлумачэнне Канстытуцыі і законаў; прызначаць выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета і мясцовых саветаў дэпутатаў, а таксама выбары прэзідэнта; утвараць Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў; абіраць Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, генеральнага пракурора, старшыню і савет Кантрольнай палаты, старшыню і чальцоў праўлення Нацыянальнага банка; вызначаць асноўныя напрамкі ўнутранай і замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць Вярхоўнага Савета ажыццяўлялася на аснове Канстытуцыі, Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» 1995 г. і Рэгламенту.

Старшыня Вярхоўнага Савета абіраўся таемным галасаваннем і быў падсправаздачны выключна Вярхоўнаму Савету.
Ён ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай пытанняў, якія падлягаюць разгляду Вярхоўным Саветам, вёў паседжанні Вярхоўнага Савета, вырашаў некаторыя іншыя пытанні (арт. 87).

Для арганізацыі працы Вярхоўнага Савета ствараўся прэзідыум Вярхоўнага Савета, у склад якога ўваходзілі старшыня Вярхоўнага Савета, першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, намеснікі старшыні Вярхоўнага Савета і дэпутаты ў парадку, прадугледжаным Рэгламентам Вярхоўнага Савета (арт. 89).

Права заканадаўчай ініцыятывы ў Вярхоўным Савеце належала дэпутатам Вярхоўнага Савета, пастаянным камісіям Вярхоўнага Савета, прэзідэнту, Вярхоўнаму суду, Вышэйшаму гаспадарчаму суду, генеральнаму пракурору, Кантрольнай палаце, Нацыянальнаму банку, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек.

Згодна з арт. 91 Канстытуцыі, паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета захоўваліся да адкрыцця першага паседжання Вярхоўнага Савета новага склікання.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання стаў апошнім легітымным парламентам у перыяд дзеяння Канстытуцыі 1994 года.
Пасля яго незаконнага роспуску 26 лістапада 1996 г. 110 дэпутатаў Вярхоўнага Савета на падставе ўказу А. Лукашэнкі былі «залічаныя» ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Астатнія дэпутаты на чале са старшынёй Вярхоўнага Савета С. Шарэцкім і намеснікам старшыні Г. Карпенкам працягнулі сваю дзейнасць. Яны былі прызнаныя легітымным прадстаўнічым і заканадаўчым органам краіны Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ). Больш за тое, прадстаўнікі гэтай часткі Вярхоўнага Савета запрашаліся на сесіі ПАРЕ і выступалі на іх ад імя грамадскасці Рэспублікі Беларусь. Улады пераследавалі гэтых дэпутатаў, не дазвалялі збірацца на паседжанні, перашкаджалі іх працаўладкаванню. Такое становішча працягвалася аж да заканчэння пяцігадовага тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў.

У тым выпадку, калі будзе адноўленая Канстытуцыя 1994 г., то можа быць пастаўленае пытанне аб аднаўленні паўнамоцтваў былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Аднак з улікам таго, што дэпутаты падзяліліся на «сваіх» і «чужых» і што тэрмін сваіх паўнамоцтваў яны як-ніяк выкарыстоўвалі, гэтае пытанне падымаць немэтазгодна.

Па якой выбарчай сістэме варта праводзіць парламенцкія выбары? Тут магчымыя тры варыянты: 1) па ранейшай — мажарытарнай, калі ад выбарчай акругі абіраецца адзін дэпутат-пераможца; 2) па прапарцыйнай (партыйнай), калі партыі вылучаюць сваіх кандыдатаў для галасавання па ўсіх выбарчых акругах; 3) па змяшанай (мажарытарна-прапарцыйнай), калі частка дэпутацкіх месцаў размяркоўваецца па аднамандатных акругах, а частка — па партыйных спісах.

Распрацоўшчыкі «малой канстытуцыі» прапаноўваюць выкарыстоўваць змяшаную выбарчую сістэму: палова дэпутацкіх месцаў абіраецца па аднамандатных акругах, палова — па партыйных спісах.

Такое рашэнне ўяўляецца найбольш прыдатным для цяперашняй палітычнай сітуацыі. З вядомых прычын партыйны рух у краіне не атрымаў прыкметнага развіцця. Таму партыям варта даць час для ўмацавання сваіх пазіцый у грамадстве і пашырэння ліку сваіх прыхільнікаў.

У гэтай сувязі на пераходны перыяд ад дыктатуры да дэмакратыі аптымальнай выбарчай сістэмай будзе мажарытарна-прапарцыйная з 50-працэнтным падзелам дэпутацкіх месцаў. У адпаведнасці з гэтым падыходам і павінен быць падрыхтаваны закон аб выбарах дэпутатаў парламента.

Колькі павінна быць дэпутатаў парламента? Уяўляецца, што 260 дэпутатаў для невялікай Беларусі зашмат.
З улікам дзейнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення (118 раёнаў, 112 гарадоў) і выкарыстаннем мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы выбараў можна абмежавацца 180 дэпутатамі.

Выбарчыя акругі будуць стварацца з разліку 1 дэпутат ад прыкладна 80 тысяч выбаршчыкаў. Акрамя абрання свайго дэпутата грамадзяне атрымаюць права прагаласаваць дадаткова за адзін з партыйных спісаў. Пры гэтым можна прадугледзець магчымасць панашыявання, г.зн. выбару канкрэтнага кандыдата з партыйнага спісу.

Якія будуць паўнамоцтвы новага парламента? Яны могуць захавацца ў рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г. з некаторымі дапаўненнямі.
Перш за ўсё, калі будзе вырашана скасаваць пасаду прэзідэнта, то яго паўнамоцтвы трэба будзе «перадаць» старшыні і прэзідыуму Вярхоўнага Савета, пра што гаварылася раней.

Далей, у артыкул 83 аб паўнамоцтвах парламента прапануецца ўключыць шэраг палажэнняў, якія датычаць фармавання ўрада. У прыватнасці, парламент павінен зацвярджаць структуру і колькасны склад урада, сістэму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання; на прапанову старшыні парламента абіраць (зацвярджаць) прэм’ер-міністра, а на прапанову прэм’ер-міністра абіраць (зацвярджаць) персанальны склад урада, у тым ліку асобна намеснікаў прэм’ер-міністра; заслухоўваць справаздачу прэм’ер-міністра і іншых чальцоў урада па пытаннях выканання законаў.

Беручы пад увагу неабходнасць увядзення ў Беларусі пасады парламенцкага ўпаўнаважанага па правах чалавека, прапануецца дапоўніць п. 7 арт. 83 Канстытуцыі словамі: «Упаўнаважанага па правах чалавека». Указанне аб упаўнаважаным па правах чалавека павіннае прысутнічаць і ў арт. 90 Канстытуцыі, які замацоўвае суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы.

Аднаўленне Канстытуцыі 1994 г. прадугледжвае аднаўленне Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусь (і, адпаведна, скасаванне Камітэта дзяржаўнага кантролю i яго тэрытарыяльных органаў), увядзенне парламенцкага парадку фармавання Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, абранне Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда, Вышэйшага гаспадарчага суда, генеральнага пракурора (і яго намеснікаў), старшыні Службы нацыянальнай бяспекі (і яго намеснікаў), камандуючага Узброенымі сіламі (і яго намеснікаў), старшыні і чальцоў праўлення Нацыянальнага банка.

Як назваць новы парламент? Пытанне пра назву беларускага парламента заслугоўвае асобнага абмеркавання.
Гэтая назва павінная быць сугучная з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці. Словы «Вярхоўны Савет», «Вярхоўная Рад» нясуць след савецкай эпохі.

З улікам нацыянальнай гісторыі, досведу суседніх краін, у складзе якіх былі калісьці беларускія землі (Польшчы, Літвы), прапануецца назваць беларускі парламент «Соймам Рэспублікі Беларусь», або скарочана «Сойм».

З пазіцыі беларускай мовы ёсць прэтэнзіі і да слова «Прэзідыум Вярхоўнага Савета». Яго варта называць «Рада Сойма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?