Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў «паклёпам» меркаванні аб тым, што ў шведаў ёсць падставы быць асцярожнымі ў Беларусі.

«Гэта звычайны паклёп. Нават дзіўна, што шведскае МЗС апускаецца да такога ўзроўню. Гэта лішні раз даказвае, што яны зусім не разумеюць Беларусь. Усе, хто хоць трохі ведаюць нашу краіну і не спрабуюць яе мэтанакіравана дэманізаваць, разумеюць, што такія інцыдэнты ў нас немагчымыя. Зрэшты, можа быць, яны чулі штосьці пра дзеянні польскіх хуліганаў-балельшчыкаў у Варшаве ў дачыненні да беларусаў і зноў усё пераблыталі», — заявіў Савіных.

Раней пасольства Швецыі ў Мінску на шведскамоўнай старонцы свайго сайта паведаміла пра атрыманыя пагрозы ў адрас шведаў, што знаходзяцца ў Беларусі. На сайце, у прыватнасці, гаворыцца: «Беларусь, як правіла, бяспечнае месца», але ў сувязі з апошнімі падзеямі ў беларуска-шведскіх адносінах, у тым ліку высылкай з краіны пасла Швецыі, ёсць падставы для шведаў быць асабліва пільнымі пры паездках і знаходжанні ў краіне.

МЗС Швецыі пакуль не мае звестак пра інцыдэнты са шведскімі грамадзянамі на тэрыторыі Беларусі, паведаміў «Радыё Швецыя» прадстаўнік гэтага ведамства.
Разам з тым, дапоўніў ён, дыпламатычны канфлікт паміж краінамі вымушае шведскае МЗС заклікаць сваіх грамадзян да асцярожнасці ў Беларуcі.

Паводле даных МЗС Швецыі, у Беларусі «жывуць з дзясятак шведскіх грамадзян, штогод выдаецца прыкладна 3.500 віз на наведванне Беларусі шведскімі грамадзянамі».

Дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня беларускія ўлады інфармавалі Швецыю аб непрадаўжэнні акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціла аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?