Генадзь Барбарыч быў выкліканы ў Пракуратуру г. Мінска ў сувязі з праверкай, што праводзілася ў сувязі з ягонай працай на Радыё «Рацыя» пасля ператрусу ў офісе радыёстанцыі 2 мая. Пра гэта паведамляе сайт БАЖ.

Як распавёў сам журналіст прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», пракурор Дзмітрый Пастаялка назваў яго сталым супрацоўнікам «Рацыі» і паведаміў, што праслухаў многія яго матэрыялы ў эфіры радыёстанцыі і кампутарах, забраных падчас ператрусу.

«У адказ на абвінавачанні я заявіў, што з’яўляюся вольным журналістам: кожны дзень магу пісаць у розныя СМІ і не звязваю сябе кантрактам з кім-небудзь. Урэшце рэшт я афіцыйна адмовіўся давай якія-кольвек тлумачэнні, спаслаўшыся на артыкул Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе самога,«- распавядае Барбарыч.

Напрыканцы размовы пракурор вынес журналісту Радыё «Рацыя» афіцыйнае папярэджанне аб забароне працаваць без акрэдытацыі на замежныя сродкі масавай інфармацыі. Папярэджанне было падпісана намеснікам пракурора г. Мінска Казімірам Кежуном.

Рэдакцыя «Радыё Рацыя» знаходзіцца ў Польшчы. Радыё пачало сваю трансляцыю на Беларусь у 1999 годзе, у яго стварэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы і беларускія журналісты. У 2002 годзе ў трансляцыі радыё пачаўся трохгадовы перапынак. У 2006 годзе быў створаны Беларускі інфармацыйны цэнтр у Беластоку, які аднавіў вяшчанне «Радыё Рацыя». Зараз яно выходзіць у эфір на FM-частаце, а таксама вядзе трансляцыю ў інтэрнэце на сайце http://www.racyja.com.

У Беларусі журналісты «Радыё Рацыя» вымушаны працаваць нелегальна, бо Міністэрства замежных спраў неаднаразова адмаўляла радыёстанцыі ў афіцыйнай акрэдытацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?