У першы дзень Вялікага тыдня, калі душа ў чалавеку гатовая хрыстосвацца і ўсе крыўды ўсім дараваць, Аляксандр Лукашэнка пастанавіў пасадзіць Андрэя Клімава і выехаў на вясновыя палі, каб паглядзець, як садзяць усё астатняе. Ці збіраюцца садзіць. Артыкул Уладзімера Някляева.

Калі Клімава засудзяць, гэта будзе трэцяя ягоная «ходка». Рэцыдывіст, не іначай. Узброены і надзвычай небяспечны.

Чым жа небяспечны?

Тым, што ўпарты, эмацыйны, амбіцыйны і хранічна хворы на гонар. На адчуванне ўласнай годнасці. Хворы невылечна – да страты інстынкту самазахавання.

Падчас другой «ходкі» – на зоне, яшчэ да «хіміі» ‑‑ крымінальнікі, падбітыя адміністрацыяй калоніі, спрабавалі Клімава «апусціць». І апусцілі б, калі б ён не падышоў на шпацыры ў турэмным двары да «пахана» і не зрабіў «бычка». То бок, ударыў ‑‑ галава ў галаву, лоб у лоб. Пахан паваліўся плазам.

Не паваліся пахан – Клімаву не жыць. Законы зоны. Але і жыць апушчаным, хворы на гонар, ён бы не мог.

А нямала ж каго «апусцілі» – і нічога, жывуць. Амаль дзесяць мільёнаў, якія не «галаву ў галаву», не «лоб у лоб», а бягом за «паханом» на шпацыры па турэмным двары.

Андрэй Клімаў не толькі адзін з самых моцных характараў сярод беларускіх палітыкаў, але яшчэ і таленавіты публіцыст, літаратар. Менавіта таму, а не па нейкіх іншых меркаваннях, ён прыняты ў сябры Беларускага ПЭН‑цэнтру, і я рады быў уручыць яму пэнаўскае пасведчанне, падпісанае яшчэ Васілём Быкавым. Такім чынам, як літаратар, вольны пісаць пра ўсё і ўсіх згодна са сваімі перакананнямі, Андрэй Клімаў знаходзіцца пад абаронай Міжнароднага ПЭН‑клубу – адной з самых аўтарытэтных і ўплывовых сусветных грамадскіх арганізацый.

Жанр, у якім, як літаратар, працуе Клімаў, можна назваць палітычнай фантастыкай. Скажам, у адной са сваіх кніг ён піша пра беларускую рэвалюцыю і звяржэнне дыктатарскага рэжыму, дакладна называючы месца і час, дзе і калі гэта адбудзецца. Хіба не фантастыка?.. І за гэта за краты?..

Як вынікае з папярэдняга абвінавачвання, Андрэя Клімава і судзіць збіраюцца па фантастычных законах, скарыстаўшы для гэтага артыкул 361 КК РБ. У першай частцы артыкула гаворыцца пра публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады (пазбаўленне волі да трох гадоў), у другой ‑‑ пра заклікі, звернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі (тэрмін пакарання такі ж самы), а ў частцы трэцяй – пра дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі (за што ўжо да пяці гадоў турмы). Але ж пра Інтэрнэт, дзе за подпісам Клімава з’явіўся тэкст пад назвай «Revolution forever або Як правільна разбіраць цыганскага кабана ў год свінні», у законе «Аб сродках масавай інфармацыі» ані слова. Можна, безумоўна, нейкія словы, якіх няма ў законе, мець на ўвазе, чытаць у вачах дзяржаўнага пракурора, але ў такім выпадку гэта не закон, а фантастыка.

Зрэшты, як паказвае практыка судовых распраў над усімі нязгоднымі, улада ані з якімі законамі валэндацца не стане. Судзіць Клімава могуць ці за абразу прэзідэнта, прызнаўшы яе публічнай, ці за што заўгодна. Калі пастаноўлена – будзе зроблена. Рады старацца.

Прычына, па якой арыштаваны Андрэй Клімаў, зразумела, не ў законах, на якія самой уладзе, што жыве «па паняццях», напляваць. Прычына ў стылі. У стылі жыцця Клімава і стылі ягонага пісьма, не пазбаўленага недахопаў.

Недахопам фантастычных твораў Андрэя Клімава з’яўляецца тое, што ён не ўмее карыстацца эўфемізмамі, а называе рэчы сваімі імёнамі. Прычым, не толькі рэчы называе сваімі імёнамі, але і называе імёны. Нягоднікаў, злачынцаў, іх памагатых. Кажа пра тое, што і хто з іх учыніў. Піша пра тое, хто і за што будзе адказваць. Гэта парушае чысціню жанру. Кажы ці пішы сабе пра што хочаш, толькі не кажы і не пішы: хто. Але калі прадстаўнікі іншых накірункаў, і не адно літаратурных, навастрыўшыся ў агульных развагах наконт дыктатуры і дэмакратыі, пазбягаюць называць кэнкрэтныя рэчы канкрэтнымі імёнамі, бо яно небяспечна для самазахавання, тады рабіць гэта даводзіцца фантасту.

З другой сваёй «ходкі» Клімаў выйшаў пад Новы, 2007 год. Пазваніў, павіншаваў са святам, я ў адказ – са свабодай. Ён спытаў: «Якая свабода?..» «Якая ні ёсць, а ўсё ж не турма. Ты трэцім разам там не апыніся». «У трэці раз я ў турму не сяду, бо з яе ўжо не выйду. Альбо мяне заб’юць, ці…»

У тэлефоне ціўкнула, размова перарвалася.

Не ведаю, бо пазней не выпала спытацца, а таму магу толькі здагадвацца пра тое, што мог чалавек, гранічна стомлены вязніцай і несупынным пераследам, мець на ўвазе пад словам ці…

Калі верыць аднаму вельмі някепскаму пісьменніку, аўтару рамана «Сто год адзіноты», рамана пра дыктатара, якім зачытваўся некалі ўвесь Савецкі Саюз, дык адзін з лацінаамерыканскіх дыктатараў мінулага стагодддзя прызнаваўся ў сваіх дзённікавых запісах, што вострую асалоду ад улады ён адчуваў толькі тады, калі ламаў моцнага. Усе астатняе прыядалася, як прасняціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?