За сем месяцаў у Беларусі 51 чалавек быў забіты блізкімі сваякамі і сужыцелямі. Пра гэта 15 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей.

Паводле яго слоў, яшчэ 130 чалавек атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні, аж да такіх, якія пацягнулі смерць.

«Ад гвалту ў сям’і пакутуюць людзі розных прафесій, перакананняў, сацыяльнага статусу. У першую чаргу гаворка ідзе пра тых грамадзян, якія маюць праблемы з алкаголем», — заявіў Каразей.

Больш як 80% выпадкаў прычынення цялесных пашкоджанняў сваякамі звязаны з ужываннем алкаголю.

Ахвяры дамашняга насілля ў Беларусі часцей за ўсё не звяртаюцца ў праваахоўныя органы.

«Спрацоўваюць старыя стэрэатыпы: хто каго любіць, той таго і чубіць, б’е — значыць любіць, не выносіць смецце на вуліцу», — адзначыў Каразей.

Акрамя таго, часта адзначаецца эскалацыя гвалту ў сям’і. «Напрыклад, першы раз муж вылаяў жонку, другі раз — замахнуўся, трэці раз — ударыў нямоцна, толькі потым гаворка ідзе аб прычыненні цялесных пашкоджанняў. Часта, з пазіцый міжнароднага права, гаворка ідзе пра гвалт тады, калі жанчына яшчэ не ўспрымае яго як такое», — падкрэсліў прадстаўнік МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?