Курманбек (другі злева) і Джаныбек (трэці) Бакіевы ў часе красавіцкіх падзей 2010-га.

Курманбек (другі злева) і Джаныбек (трэці) Бакіевы ў часе красавіцкіх падзей 2010-га.

Сёння ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Маркса, дзе месціцца будынак Адміністрацыі прэзідэнта, быў заўважаны чалавек, падобны да Джаныбека Бакіева, брата зрынутага прэзідэнта Кыргызстана.
Яго фота апублікаваў на сваім акаўнце ў Фэйсбуку Міхась Пашкевіч. Як адзначыў аўтар фота, гэты чалавек у суправаджэнні землякоў шпацыраваў недалёка ад кавярні «Грунвальд». Яго спадарожнікам не падабалася, што іх фатаграфуюць.
Прысутнасць Джаныбека ў Беларусі аспрэчвалася яго братам і не пацвярджалася на афіцыйным узроўні.
Дзейны прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атанбаеў назваў Джаныбека «страшным чалавекам».
Паводле яго словаў, менавіта Джаныбек падчас красавіцкіх падзей 2010-га кіраваў расстрэлам дэманстрантаў, прычым даў снайперам загад цаляць у галаву і ў грудзі.

У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот. Падчас штурму будынка ўрада ў Бішкеку і далейшых беспарадкаў загінулі каля 90 чалавек і 1,5 тысячы былі параненыя. На той момант

прэзідэнт Бакіеў, яго брат Жаныш (Джаныбек), які ўзначальваў Службу дзяржаховы краіны і старэйшы сын Марат збеглі з краіны. На радзіме яны былі завочна абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб’яўленыя ў міжнародны вышук.

Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі.

Генпракуратура Кыргызстана двойчы звярталася ў Генпракуратуру Беларусі з запытам пра выдачу Бакіева і двойчы атрымала адмову.
17 кастрычніка 2011 года старшыня Дзяржкамітэта нацбяспекі Кыргызстана Кенешбек Душабаеў, адказваючы на пытанні дэпутатаў парламента, паведаміў, што Курманбек Бакіеў атрымаў у Беларусі палітычны прытулак. МУС Беларусі не раскрывае статус Бакіева.
Тое, што ў Беларусі знаходзіцца і Джаныбек, афіцыйна не пацвярджалася.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?