Творчы прадэмакратычны пратэст, падчас якога плюшавыя мішкі спускаліся на парашутах у небе над Беларуссю, не змякчыў пазіцый Аляксандра Лукашэнкі, аднак ён прыцягнуў да аўтарытарнага рэжыму непажаданую ўвагу міжнароднай супольнасці.

Супрацоўнікі шведскага рэкламнага агенцтва скінулі з маленькага самалёта больш за 800 плюшавых цацак, у кожнай з якіх быў уласны парашут, каб прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. На правядзенне гэтай акцыі іх падштурхнуў лютаўскі арышт беларускага актывіста Паўла Вінаградава, затрыманага за арганізацыю пратэсту цацак у Мінску.

Са словаў удзельнікаў групы, якая арганізавала высадку мядзведжага дэсанта,

яны спадзяюцца, што наступны дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Стакгольмам дапаможа ўзмацніць ціск на Лукашэнку.

«Мы не будзем шчаслівыя ці задаволеныя сабой, пакуль нам не ўдасца дасягнуць якіх-небудзь рэальных вынікаў — усё роўна, зменіць Лукашэнка сваю палітыку сам або хтосьці зробіць гэта замест яго», — сказаў Пэр Кромвел, кіраўнік рэкламнага агенцтва Studio Total, у штаце якога працуюць усяго чатыры чалавекі.

Паводле словаў Кромвела, працу па падрыхтоўцы гэтай акцыі яны вялі цэлы год, а яе мэта — інфармаваць грамадскасць аб парушэннях правоў чалавека ў былой рэспубліцы Савецкага Саюза, якой Лукашэнка кіруе з сярэдзіны 1990-х, і мэта акцыі Studio Total — прыцягнуць увагу грамадскасці да абсурднасці жыцця за Лукашэнкам, а таксама падтрымаць апазіцыю, за якой пільна назіраюць службы бяспекі краіны, у яе барацьбе.

«Мы робім усё, што можам, каб прымусіць людзей смяяцца. Гэта менавіта тое, што так ненавідзяць дыктатары»,

— сказаў ён.

«Нельга выйграць бітву супраць плюшавага мішкі, таму што калі вы нічога не зробіце, вы будзеце выглядаць недарэчна, а калі вы пачняце біцца, то зноў будзеце выглядаць недарэчна», — дадаў Кромвел.

У дзень высадкі плюшавага дэсанта, 4 ліпеня, Кромвел сядзеў за рулём аўтамабіля, неабходнага для ўцёкаў і прыпаркаванага напаўдарозе паміж мяжой з Літвой, дзе ўзляцеў самалёт, і Мінскам. У выпадку неспадзяванай сітуацыі ён збіраўся падабраць пілота і другога пілота самалёта і ехаць у шведскае пасольства. Калегі Кромвела Томас Мазеці і Ханна Фрэй знаходзіліся ў самалёце разам з плюшавымі мядзведзямі. Мазеці адмыслова навучыўся кіраваць самалётам дзеля гэтай акцыі — як кажа Кромвел, ён атрымаў ліцэнзію пілота ўсяго за некалькі тыдняў да правядзення аперацыі.

Дзень быў сонечны, і маршрут самалёта ўяўляў сабой простую лінію, якая злучае літоўскую мяжу і Мінск, аднак, кажа Кромвел, яны баяліся, што самалёт могуць збіць з наземных гармат. У 1995 годзе, калі паветраны шар выпадкова трапіў у паветраную прастору Беларусі, службы бяспекі Лукашэнкі распарадзіліся збіць яго, у выніку чаго загінулі два амерыканцы, якія знаходзіліся на яго борце.

Авіядыспетчары ў Мінску звязваліся з самалётам, аднак Мазеці і Фрэй не змаглі зразумець, што ім гаварылі на рускай мове. Пасля скідання свайго плюшавага грузу, правёўшы ў беларускай паветранай прасторы агулам менш за 2 гадзіны, самалёт вярнуўся да літоўскай мяжы.

Беларусь афіцыйна не прызнавала факту высадкі плюшавага дэсанта аж да канца ліпеня, калі Лукашэнка раскрытыкаваў ваеннае кіраўніцтва, якое дапусціла з’яўленне самалёта ў паветранай прасторы краіны.

Затым ён звольніў генералаў, якія адказваюлі за паветраную абарону і памежны кантроль, а паліцыя арыштавала дваіх грамадзян — блогера, які размясціў фатаграфіі плюшавых мядзведзяў на сваім сайце, і чалавека, які здаваў Кромвелу кватэру ў час яго кароткага знаходжання ў Мінску.

На мінулым тыдні былі арыштаваныя дзве журналісткі за тое, што яны сфатаграфаваліся, трымаючы ў руках плюшавых мядзведзяў, скінутых з самалёта.

3 жніўня пасол Швецыі ў Мінску быў высланы з краіны, і, па словах прадстаўнікоў Еўрасаюза, гэты крок пагоршыў напружаныя адносіны паміж блокам і Беларуссю.

«Усім за сталом было зразумела, што гэтая сітуацыя — канфлікт не толькі паміж Швецыяй і Беларуссю. Гэта тая сітуацыя, якая можа паўплываць на адносіны Беларусі з усім Еўрасаюзам», — заявіў 10 жніўня шведскі дыпламат Олаф Ског, старшыня на перамовах краін ЕС па пытаннях замежнай палітыкі.

«Цягам наступных некалькіх дзён паслы Беларусі па ўсёй Еўропе атрымаюць выразны адказ, у якім мы выкажам поўную салідарнасць са шведамі ў гэтым пытанні», — дадаў ён.

Па словах Кромвела,

з моманту правядзення акцыі ён і яго калегі атрымліваюць пасланні ад КДБ, перакладзеныя праз Google, змест якіх вар’юецца ад пагроз да скаргаў, а таксама просьбы дадаць у сябры ў Facebook фальшывых карыстальнікаў.

На мінулым тыдні наступіла кульмінацыя гэтай анлайн-атакі, калі ад беларускага КДБ прыйшло паведамленне, дзе шведам пагражалі штрафамі і «папраўчымі работамі тэрмінам да двух гадоў або турэмным зняволеннем тэрмінам да шасці месяцаў», калі яны не прыедуць у Беларусь цягам 10 дзён, каб аказаць агенцтву дапамогу ў «расследаванні акалічнасцяў», звязаных з «незаконным перасячэннем мяжы» гэтай групай.

У адказ на гэтае запрашэнне ў сваім адкрытым лісце да Лукашэнкі, апублікаваным 14 жніўня, супрацоўнікі агенцтва Studio Total заявілі, што «яны адчуваюць няёмкасць за тое, што прымусілі людзей смяяцца з Лукашэнкі і з яго супердарагой паветранай абароны». Акрамя таго яны, у сваю чаргу, запрасілі Лукашэнку прыехаць у Швецыю.

«Нашая адзіная ўмова заключаецца ў тым, каб вы паводзілі сябе як мага больш ветліва, (ніякіх пагроз, катаванняў і да таго падобнага) і каб вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», — гаварылася ў лісце.

Санкцыі ЕС супраць Беларусі ўжо ўключаюць забарону на выдачу віз і замарожванне рахункаў Лукашэнкі і яго найбліжэйшых памочнікаў, эмбарга на пастаўку зброі, а таксама забарона на вядзенне бізнэсу ў эканамічнай зоне, накладзеная больш чым на 30 беларускіх кампаній.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?