Віка Мароз не падлягае міжнароднаму ўсынаўленню. Пра гэта 5 красавіка заявіла дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі Наталля Паспелава на прэс‑канферэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.

Н.Паспелава падкрэсліла, што ў Гаагскай канвенцыі аб правах дзіцяці, падпісанай Беларуссю ў 2003 годзе, гаворыцца аб тым, што «дзіця, інтэграванае ў сям’ю на тэрыторыі краіны свайго паходжання і грамадзянства, не можа быць перададзена на міжнароднае ўсынаўленне». «Гэта норма не беларускага заканадаўства, а норма міжнароднага права, — сказала Н.Паспелава. — Мы лічым, што гэта абсалютна правільна. Калі дзіця накіравана ў беларускую сям’ю, яно абаронена, яго інтарэсы абаронены. Ён атрымае магчымасць сямейнага выхавання».

Н.Паспелава зазначыла, што тэарэтычна ўдачарэнне Вікі сям’ёй Джуста‑Барначын або іншай замежнай сям’ёй магчыма ў тым выпадку, калі распадзецца прыёмная сям’я дзяўчынкі. «Але я не думаю, што так здарыцца, — заявіла дырэктар цэнтра. — Гэта прафесійныя выхавацелі, якія працуюць, якія займаюць правільную пазіцыю ў адносінах і да аднаго, і да другога дзіцяці».

Каментуючы той факт, што да скандала з сям’ёй Джуста‑Барначын В.Мароз некалькі гадоў была аддзелена ад свайго старэйшага брата і жыла ў Вілейскай школе‑інтэрнаце, Н.Паспелава зазначыла, што «дзіця мела адметнасці псіхафізічнага развіцця» і дзяўчынцы была неабходна дапамога спецыялістаў.

Нагадаем, што ў верасні 2006 года муж і жонка Алясандра Джуста і Марыя‑К’яра Барначын, да якіх Віка некалькі гадоў прыязджала ў госці на летнія і калядныя канікулы, адмовіліся вяртаць дзяўчынку ў Беларусь. Сямейная пара сцвярджала, што ў інтэрнаце дзяўчынка цярпела «фізічнае і маральнае насілле». На працягу 20 дзён італьянская сям’я хавала Віку ў манастыры на поўначы Італіі. 27 верасня італьянская паліцыя знайшла дзяўчынку, і 30 верасня яна была дастаўлена спецрэйсам у Мінск. 30 кастрычніка дзяўчынку аддалі ў сям’ю Алены і Сяргея Васілеўскіх, дзе ўжо выхоўваўся яе старэйшы брат Саша. Пры гэтым А.Васілеўская 19 кастрычніка ў інтэрв’ю БелаПАН заявіла аб тым, што яе сям’я не гатова ўзяць да сябе дзяўчынку.

Беларускія чыноўнікі неаднойчы заяўлялі, што сям’я Джуста‑Барначын ніколі не звяртался з просьбай аб удачарэнні Вікі. У той жа час А.Джуста ў інтэрв’ю БелаПАН 22 снежня заявіў, што дакументы для ўдачарэння Вікі ўжо год знаходзяцца ў італьянскай арганізацыі, якая займаецца міжнародным усынаўленнем, але беларускае пасольства ў Італіі іх не прымае.

2 сакавіка беларускі пасол у Італіі Аляксей Скрыпко патлумачыў, што пасольства прыпыніла прыём дакументаў у 2004 годзе ў сувязі са змяненнем працэдуры міжнароднага ўсынаўлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?