Далейшае распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней (АЧС) у дзікай прыродзе ў Расіі пагражае эпізаатычнай бяспецы Беларусі, Украіны і краін Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Рассельгаснагляду, галоўны ветэрынарны інспектар Расіі Яўген Непаклонаў на спецыяльнай нарадзе па праблемах распаўсюджвання АЧС, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе расійскага каранціннага ведамства.

Гэтымі днямі ўспышка афрыканскай чумы свіней упершыню была зафіксавана ў Яраслаўскай вобласці, якая стала 27-м расійскім рэгіёнам, дзе выяўлены выпадкі гэтага вельмі небяспечнага для свінагадоўлі захворвання. Нарада была прысвечана прыняццю тэрміновых мер па барацьбе з АЧС у першую чаргу ў Яраслаўскай, а таксама ў Растоўскай абласцях, дзе ўпершыню з лістапада 2011 года таксама зафіксавана ўспышка захворвання.

Яўген Непаклонаў адзначыў неабходнасць тэрміновага прыняцця мер па дэпапуляцыі дзікоў, якія з'яўляюцца разносчыкамі інфекцыі. Ён таксама звярнуў увагу на выпадкі ўтойвання інфармацыі аб гібелі жывёл, у прыватнасці, на Кубані, што прывяло да распаўсюджвання захворвання сярод дзікоў у плаўнях Астраханскай і Валгаградскай абласцей і яго заносу на тэрыторыю Растоўскай вобласці.

Як праінфармаваў кіраўнік упраўлення Рассельгаснагляду па Растоўскай вобласці Антон Кармазін, у прыватнай гаспадарцы, дзе была зафіксавана апошняя па ліку ўспышка АЧС, выяўлена больш за сотню трупаў свіней, якія загінулі ад віруса. Знішчана і спалена 955 свіней, якія былі на свінаферме, і 120 свіней у першай небяспечнай зоне. Выстаўлены пасты, арганізаваны надгляды транспарту, устаноўлены дэзынфекцыйныя бар'еры. Праходзіць праверка мясакамбіната, куды пастаўляліся свінні з гэтай гаспадаркі, устанаўлiваюцца шляхі паставак прадукцыі. Следчы камітэт праінфармаваны аб факце ўтойвання пра падзеж свіней і існуючай сітуацыі. Праводзіцца эпізаатычнае расследаванне.

Глядзі яшчэ: Мінсельгасхарч: Свіней у Навагрудскім раёне знішчылі ў рамках вучэнняў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?