Еўрасаюз будзе працаваць з новым кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем у тым жа фармаце, што і з яго папярэднікам Сяргеем Мартынавым. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан Мая Качыянчыч.

«Мы адзначылі прызначэнне прэзідэнтам Беларусі Уладзіміра Макея на пасаду міністра замежных спраў. Макей зараз трапляе пад абмежавальныя меры ЕС.

У кантэксце будучага перагляду абмежавальных мер (гэта восенню) Еўрасаюз ацэніць яго статус»,
— сказала прадстаўнік вярхоўнага камісара ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі.

Еўрасаюз «ізноў пацвярджае прыхільнасць палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю і зноў заяўляе пра сваё абавязацельства па ўмацаванні ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларусаў». ЕС «будзе настойваць на неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітзняволеных і іх рэабілітацыі».

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей быў прызначаны міністрам замежных спраў 20 жніўня. Сяргей Мартынаў вызвалены ад пасады «ў сувязі з пераходам на іншую працу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?