Штурхальніца ядра з Беларусі Надзея Астапчук, якую пазбавілі залатога алімпійскага медаля з-за станоўчага выніку допінг-тэсту, пакуль не атрымала прызавыя 150 тысяч даляраў, хаця Лукашэнка ўзнагародзіў яе ордэнам Айчыны III ступені.

Як распавёў намеснік старшыні дырэктарата нацыянальных каманд міністэрства спорту Дзмітрый Даўгалёнак, прызавыя яшчэ нікому не выплачвалі.
Ён адзначыў, што адносна Астапчук пачатая працэдура вяртання медаля, але яна яшчэ ня скончылася.
«Калі медаль застанецца ў спартоўца, то, канечне ж, спартоўцу будзе выплачана тое, што належыць. Калі медаля ў спартоўца не будзе, то выплачвацца не будзе».

У Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі паведамілі, што Надзея Астапчук у стрэсавай сітуацыі, памяняла тэлефоны і не дае інтэрвію. Там сказалі, што афіцыйныя каментары будуць толькі пасля завяршэння расследавання.

Падчас сустрэчы з прызёрамі XXX летніх Алімпійскіх гульняў Аляксанда Лукашэнка выказаў словы падтрымкі Надзеі Астапчук: «Надзя, жыццё не заканчваецца! І ты яшчэ не аднойчы маеш магчымасць уцерці камусьці нос. Вялікім заўсёды дастаецца», — сказаў Лукашэнка.

13 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт на сваім сайце размясціў інфармацыю, што Надзея Астапчук, якая выйграла золата ў Лондане ў штурханні ядра, дыскваліфікавана за ўжываньне допінгу. У допінг-пробе беларускі быў знойдзены прэпарат метеналон, які ўваходзіць у пералік забароненых да ўжывання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?