Паслухаць песьні гурту «Нельга Забыць» з цыклю «Леаніды ня вернуцца да зямлі» можна на іх старонцы УКантакце.

Гісторык і супрацоўнік музэю Багдановіча ў Менску Міхал Бараноўскі распавёў, што выхоўваўся пераважна на расейскай культуры – клясычнай літаратуры й сучасным року. Працяглы час Міхал, навогул, не цікавіўся беларушчынай, пакуль не адкрыў для сябе ў 2008 годзе паэзію Ўладзімера Караткевіча:

«Для мяне было адкрыцьцём, што Караткевіч – ня толькі празаік, але й паэт. Прычым, мой (!) паэт. Па-сапраўднаму прабірала. І завіс я менавіта на вершах і паэмах з раману “Нельга забыць”. А калі прачытаў раман, песьні пайшлі ледзь не адна за адной».

Калі песень на тэксты зь «Нельга забыць» назьбіралася каля пяці, Міхал уявіў сабе цэльную музычна-паэтычную драму «Леаніды ня вернуцца да зямлі». Менавіта такі першапачатковую назву меў раман. Другое ж яго імя «Нельга забыць» стала назвай калектыву, які Міхал сабраў цягам 2009 г. Паводле яго слоў, праграма атрымалася вельмі эклектычнай. Да акустычна-рокавае асновы музыкі дадалі беларускага калярыту й акадэмічных элемэнтаў. Разам з тым мэлёдыка, гітарныя ланцужкі, тэмпарытм, галасавая манера – вельмі ўласьцівыя так званаму «рускаму року». Пануе адчуваньне кухоннае вячоркі, удзельнікі якой трошкі прыбітыя, засмучаныя й дыскаардынаваныя пляшкай партвэйну. Сам Міхал Бараноўскі кажа:

«Калі мяне крытыкуюць у сувязі зь «Леанідамі…», то за жаданьне быццам бы прымазацца да генія альбо за скупасьць у выбары акордаў. Канечне, язык не паварочваецца казаць, што я музыку на Караткевіча напісаў. Я папросту рытмізаваў яго вершы. Не хацелася адцягваць увагу ад тэксту».

Песенны цыкль «Леаніды ня вернуцца да зямлі» доўжыцца болей за гадзіну. Кампазыцыі перацякаюць адна ў адну. Падчас выступаў Міхал нават просіць публіку не перарываць дзею плясканьнем. Сьпеў часам чаргуецца з дэклямацыяй, а мужчынскі вакал з жаночым. То сьпявае Надзея Процька, вядомая па ансамблях Тestamentum Terrae ды Pawa. Дарэчы, многія тэксты зь «Нельга забыць» ужо клаліся на музыку рознымі бардамі ад Камоцкага да Мікуса. Тым ня менш, Міхал Бараноўскі адстойвае арыгінальнасьць свайго падыходу:

«Тут мы даволі энэргічна ўсё падаем, экспрэсіўна… Для нас гэтая праграма з аднаго боку – добры піар, а з другога вялікая адказнасьць. Бо ў кожнага свой Караткевіч. Мы вельмі імкнуліся да таго, каб людзі, які любяць творы Ўладзімера Сямёнавіча, паверылі й нам, што мы не сфальшывілі, перадаючы ягоны нэрв».

Адметнасьць праграмы «Леаніды ня вернуцца да зямлі» й у тым, што эмацыйны малюнак на кожную песьню прапісаны, але многія інструмэнтальныя партыі нараджаюцца непасрэдна падчас граньня, адвольна й імправізацыйна. Пры магчымым пашырэньні складу «НЗ» знойдзецца месца й для іншых музыкаў. Варта адзначыць, што праграма ўжо неаднойчы дэманстравалася ў беларускіх музэях ды навучальных установах. А аўдыёзапіс адбыўся ўсяго за чатыры гадзіны. Гурт запісваўся жыўцом, быццам на канцэрце. Міхал спадзяецца, калі-небудзь перазапісаць гэты альбом у нармальнай студыйнай якасьці. Між тым, наступным крокам гурту «НЗ» стала новая праграма «Месца моцы», амаль цалкам створаная на вершы спадара Бараноўскага. Яна яшчэ больш цікавая й больш арганічная за першую, ды яшчэ павінна загучаць у электрычнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?