Гісторык Кузьма Козак падзяліўся адкрыццямі, да якіх ён прыйшоў падчас працы над сваёй кнігай «Германскія і калабарацыянісцкія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны (1941-1944): аналіз і вынікі».

— Кузьма, як Вы прыйшлі да гэтай тэмы?

— Так сталася, што

цэнтральнай тэмай даследаванняў у Беларусі быў і застаецца гераізм народа ў змаганні з ворагам. Іншыя ж тэмы, такія як акупацыйны рэжым, калабарацыя, прымусовая праца насельніцтва — проста замоўчваліся.
Цяжка было штосьці сказаць пра вынікі гэтых з’яў у ваеннай гісторыі: гэтымі тэмамі амаль ніхто не займаўся.

Адной з такіх белых плям было і пытанне пра страты, асабліва нямецкага боку. Выявілася, што ў Беларусі гэтае пытанне ніколі не ўзнімалася. Пасля вайны дзяржаўныя органы, а таксама гісторыкі пацвердзілі толькі верагоднасць знішчаных 500 тысяч нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Як гэтая тэма адлюстравана ў працах нямецкіх гісторыкаў?

— Лічбу ў 500 тысяч знішчаных у Беларусі немцаў там ўспрынялі крытычна, ставячыся да яе, як да савецкай ідэёлаграмы, што сыходзіла з ведамстваў партыйных і НКУСаўскіх структур. Сапраўды, ваенныя дакументы і ўсе дзяржаўныя архівы цалкам знаходзіліся пад кантролем гэтых ведамстваў да 1961 г.

Невыпадкова «самая правільная» кніжка пра партызанскую вайну была напісана кіраўніком НКУС Беларусі Лаўрэнціем Цанавай, за што атрымала Сталінскую прэмію (самая значная на той час у галіне гісторыі ўзнагарода ў СССР).
Нямецкія гісторыкі факт стратаў не абвяргалі. Але канкрэтных даследаванняў па гэтым пытанні не было, таму паступова тэма ператварылася ў міф.

— Як ішла праца над кнігай?

— Каб узяцца за тэму, спачатку давялося сістэматызаваць гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя накірункі па гісторыі акупацыі. Працаваць для гэтага толькі ў нямецкіх архівах і бібліятэках недастаткова. Тое ж можна сказаць і пра беларускіх гісторыкаў, якія спрабавалі ствараць даследаванні на базе айчынных крыніц — такія працы не будуць аб’ектыўнымі.

Для нямецкага гісторыка пошук інфармацыі пра страты — даволі просты працэс. Добрая і дасканалая сістэма падліку загінулых забяспечыла статыстычнымі дадзенымі не толькі дзяржаўныя ўстановы, але і гістарычную навуку Германіі. Беларусь у гэтай інфармацыі таксама час ад часу іскрыла, згасаючы ў вызначэннях «савецкі» ці «расійскі», або і проста як «частка ўсходняга фронту». Тым не менш, звесткі пра Беларусь ёсць — паведамленні з рэгіёнаў, тылавых частак, генеральных акругаў Беларусі, Літвы, Беластока, рэйхскамісарыяту Украіны і т.п. Аб’яднаць гэтыя разрозненыя часткі не браўся пакуль ніхто — праца не з лёгкіх.

Калі казаць пра страты ў цэлым, то страты немцаў сапраўды склалі меншую долю. Большая прыпадае на калабарацыю (заходняя, усходняя, ваенная, цывільная і мясцовая). Самымі малападрыхтаванымі былі мясцовыя калабаранты. Яны і склалі большасць ахвяр.

Пасля вайны свае страты немцы падлічылі, але прыцягнутае імі да супрацоўніцтва насельніцтва (уключаючы і ваеннапалонных) засталося толькі ў савецкіх справаздачах і было пададзена, як частка варожага лагеру.

Катэгорыя калабарантаў не трапіла ў агульную статыстыку страт савецкага насельніцтва. Нямецкі ж бок таксама не ўзяў на сябе адказнаць прызнаць іх «сваімі». Якраз без гэтай часткі нямецкія гісторыкі здольны паказаць барацьбу беларускіх партызанаў малаэфектыўнай.

— На якія пытанні падчас працы над кнігай удалося атрымаць адказы?

— Відавочнымі сталі два факты. Па-першае, самую высокую на Беларусі колькасць загінулых склала мясцовае насельніцтва (прычым не толькі мірных жыхароў, але і партызанаў, а таксама калабарантаў з ліку беларусаў). Па-другое, самы масавы і актыўны партызанскі рух праявіў сябе менавіта ў Беларусі. Гэта становіцца зразумелым пасля аналізу матэрыялаў пра беларускіх партызан (больш як 370 тысяч партызанаў было ў Цэнтральным, а таксама Рэспубліканскім штабе партызанскага руху).

Сцвярджэнне пра паўмільённыя страты «нямецка-фашысцкіх акупантаў» аб’ектыўнае, але не зусім карэктнае.

У гэту лічбу ўваходзяць забітыя, параненыя, прапаўшыя без вестак — але не абавязкова немцы і далёка не яны.

У гэтай лічбе таксама мясцовыя і замежныя калабаранты: салдаты, паліцыя, службы і фарміраванні з Францыі, Румыніі, Венгрыі, Італіі, Прыбалтыкі і інш. Таму дзеючы сёння агульны тэрмін «нямецка-фашысцкія захопнікі», які ўжываўся для абазначэння ўсіх страт, знікае — становіцца бачнай больш абгрунтаваная градацыя: германскія ваенныя, цывільная адміністрацыя, калабарацыя, мясцовая цывільная акупацыйная адміністрацыя і г.д.

— Ці можна казаць пра якую-небудзь прыблізную лічбу нямецкіх страт на тэрыторыі Беларусі без уліку калабарантаў, ці супадае яна ў беларускіх і нямецкіх даследчыкаў?

— Згодна з беларускімі крыніцамі, колькасць нямецкіх ваенных страт складала больш за 100 тысяч чалавек, больш за 120 тысяч — асобна калабарацыя, больш за 50 тысяч — мясцовая паліцыя, каля 40 тысяч — цывільная адміністрацыя.

Калі ж браць звесткі амерыканскіх і нямецкіх гісторыкаў, то яны сфарміраваліся на аснове паведамленняў партызан пра нямецкія страты. Амерыканскія гісторыкі Купер і Армстранг апелююць, напрыклад, да розных лічбаў. Першы называе лічбы ад 15 да 20 тысяч, Армстранг жа ўказвае 35 тысяч, ад 35 да 40 тысяч падае нямецкі гісторык Бернд Бонвіч, каля 80 тысяч — у сукупнасці па Беларусі называе яго суайчыннік Хрысціян Герлах.

— Дык на чыім жа баку аб’ектыўная праўда?

— Працэс варожасці быў закладзены вайной. Пасля яе заканчэння страты былі названы агулам. Сёння ідзе працэс вызначэнняў: нямецкая гістарыяграфія ўлічвае дакладна толькі свой бок, асобна разглядаючы вайсковую калабарацыю. Савецкая ж адносіць калабарацыю да варожых страт. У Беларусі пануючай прынята лічыць пакуль што савецкую гістарыяграфію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?