Служба замежнай разведкі Расіі (СЗР) абвясціла тры закрытыя тэндары на суму звыш 30 млн руб., мэта якіх — выпрацоўка новых методык маніторынгу блогасферы, піша «Коммерсант».

Тры праекты, хоць і разбітыя на розныя тэндары, цесна звязаныя адзін з адным.

Плануецца, што спачатку маніторыць блогасферу будзе сістэма «Дыспут», якая павінная займацца «даследаваннем працэсаў фармавання супольнасцяў распаўсюду інфармацыі ў сацыяльных сетках» і «вызначэннем фактараў, якія ўплываюць на папулярнасць і распаўсюджанасць звестак».

Затым атрыманую інфармацыю будзе аналізаваць сістэма «Манітор-3».

Яе задача — «распрацоўка метадаў арганізацыі і кіравання ў інтэрнэце віртуальнай супольнасцю экспертаў, якія прадугледжваюць пастаноўку заданняў, кантроль працы ў сацыяльных медыях і рэгулярнае атрыманне ад экспертаў інфармацыі ў зададзеных прадметных галінах».

І ўжо на аснове атрыманых дадзеных укідваць патрэбную інфармацыю ў сацыяльнай сеткі пачне сістэма «Шторм-12».

Суразмоўцы «Коммерсанта» ў расійскіх спецслужбах не выключаюць, што пасля таго як СЗР атрымае ў сваё распараджэнне праграмы «Шторм-12», «Манітор-3» і «Дыспут», яны могуць выкарыстоўцца для ўздзеяння як на вонкавую аўдыторыю, так і на ўнутраную.

«Пасля таго як распрацоўка завершыцца, пачнуцца папярэднія выпрабаванні, якія павінныя будуць даказаць эфектыўнасць сістэмы», — тлумачыць адна з крыніц «Коммерсанта». На пытанне пра тое, на якіх менавіта краінах гэтыя распрацоўкі будуць апрабаваныя, суразмоўца газеты адказаў унікліва: «На першым этапе гэта могуць быць краіны Усходняй Еўропы, якія ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?