Улады ЗША распачалі праверку звестак пра тое, што банк HVB, даччыная структура італьянскага UniCredit, падтрымлівае сувязі з Іранам.

Прадпрыемствы, якія дапамагаюць Тэгерану вытрымліваць рэжым міжнароднай ізаляцыі, падвяргаюцца санкцыям на амерыканскай тэрыторыі.

Паводле паведамлення Reuters, у кіраўніцтве HVB адпрэчваюць усе абвінавачванні. У топ-мэнэджменце крэдытнай арганізацыі заявілі, што збіраюцца супрацоўнічаць са следствам.

Акрамя HVB ЗША пачалі праверку дзейнасці яшчэ шэрагу банкаў па такім жа абвінавачанні.
Сярод тых, што трапілі пад падазрэнне, — брытанскія HSBC і Standard Chartered, а таксама нямецкі Deutsche Bank. Ва ўсіх крэдытных арганізацыях называюць звесткі пра супрацоўніцтва з Іранам неадпаведнымі рэчаіснасці. Да цяперашняга часу ніводнаму з банкаў абвінавачання не выстаўлена. У дзелавой прэсе выказваюць супрацьлеглыя думкі аб справядлівасці падазрэнняў супраць іх.

Паводле сцверджання мэнэджменту Deutsche Bank, здагадкі пра фінансавыя кантакты з Іранам не адпавядаюць рэчаіснасці таму, што супярэчаць карпаратыўнай палітыцы ігнаравання кліентаў з краін-ізгояў, спіс якіх уключае не толькі Іран, але і Судан з Паўночнай Карэяй.

Новая рэдакцыя санкцый ЗША супраць Ірана была зацверджаная ў жніўні 2012 года. У цяперашні час з абмежаваннямі на ажыццяўленне камерцыйнай дзейнасці сутыкнуцца любыя кампаніі, якія вядуць бізнэс у іранскім страхавым сектары, сферы здабычы карысных выкапняў, перавозак, крэдытных адносін.

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) і ўрады краін Захаду падазраюць Іран у спробе стварэння ядзернай зброі. З лістапада 2011 ізраільскія ўлады пагражаюць Тэгерану бамбаваннямі вытворчых цэнтраў гэтай праграмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?