У Міністэрстве эканомікі 27 жніўня адбыўся сход заснавальнікаў кітайска-беларускага сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка», паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Бакі ў прысутнасці міністра эканомікі Мікалая Снапкова і старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры зацвердзілі статут стваранага таварыства і ўстаноўчыя дакументы. Дакументы падпісалі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ярмак, генеральны дырэктар ААТ «Кіраўніцкая кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрый Прадко і старшыня праўлення — генеральны дырэктар кампаніі САМСЕ Ло Янь.

«Падчас сходу бакі таксама акрэслілі канкрэтныя задачы па далейшай рэалізацыі ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) маштабнага праекта — кітайска-беларускага індустрыяльнага парка», — зазначыла прэс-служба.

Ствараная з удзелам ААТ «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС», Мінскага аблвыканкама і ААТ «Кіраўніцкая кампанія холдынгу «Гарызонт» кампанія будзе ажыццяўляць праектаванне, будаўніцтва аб’ектаў парка і яго інфраструктуры,
а таксама пошук і прыцягненне інвестараў для стварэння на яго тэрыторыі высокатэхналагічных і канкурэнтаздольных вытворчасцяў.

Рэалізацыя праекта кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 5 чэрвеня 2012 года № 253. Парк уяўляе сабой адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай прыкладна 80 квадратных кіламетраў з асаблівым прававым рэжымам для «забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і інвестыцыйнай прыцягальнасці». Канцэпцыя парка прадугледжвае стварэнне зручнай інфраструктуры для развіцця бізнесу, істотнае падатковае паслабленне для ўдзельнікаў праекта на дастаткова працяглы перыяд, а таксама забеспячэнне комплекснага абслугоўвання рэзідэнтаў парка і аказанне ім дзяржаўных паслуг на прынцыпе «адна станцыя» (у сусветнай практыцы — one-stop service).

Нагадаем, мясцовыя жыхары выступаюць супраць будаўніцтва індустрыяльнага парка. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі 11 мая жыхарка пасёлка Зямное Валянціна Каляка, пад тэхнапарк трапляюць землі садаводчых таварыстваў, ворыўныя землі, у тым ліку і яе зямля, якую яна ў свой час прыватызавала. «А так нас прадалі, і ў нас ніякіх правоў няма. Мы проста абараняем сваю ўласнасць», — сказала яна. «Гэта наша ўласнасць, і яна паводле Канстытуцыі ахоўваецца законам. Ніхто не можа прадаць маю ўласнасць без маёй згоды», — заявіла Каляка.

Старшыня садаводчага таварыства «Сузор’е» Юрый Кабзароў зазначыў, што на месцы будаўніцтва знаходзяцца не толькі ворыўныя землі, але і заказнікі, лясы, піянерскія лагеры і прыродаахоўныя зоны. «Наш прэзідэнт сказаў, што ў Беларусі крыўдзіць людзей нельга і што ў нас дастаткова тэрыторыі, на якой можна размясціць гэты парк. І мы просім нашых кіраўнікоў правільна падысці да гэтага пытання. Мы хочам, каб і нашы інтарэсы ўлічваліся. Згодна з Канстытуцыяй, крыніцай улады з’яўляецца народ. Гэта значыць, паводле Канстытуцыі, мы — гаспадары краіны», — заявіў Кабзароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?