«Цяпер шмат гавораць пра магчымасць вайны паміж Ізраілем і Іранам. Ці чулі вы пра гэта?»
— такое пытанне задалі ізраільскія журналісты галоўнаму трэнеру барысаўскага БАТЭ Віктару Ганчарэнку 27 жніўня ў Рамат-Гане на прэс-канферэнцыі напярэдадні матчу ў адказ плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў супраць «Хапаэля» (Кір’ят-Шмона).
«Наша галоўная задача — засяродзіцца на заўтрашняй гульні», — прыводзіць адказ Ганчарэнкі прэс-служба БАТЭ.

Трэнер заявіў, што ў параўнанні з першым матчам у Мінску, які завяршыўся з лікам 2:0 на карысць барысаўчан, у гульні і складзе каманды будуць зробленыя змяненні. «Цяпер сказаць штосьці канкрэтнае пра склад не магу. Ёсць сякія-такія планы, але нам яшчэ трэба патрэніравацца, пагаварыць з хлопцамі. Рашэнне прымем заўтра. У нас вельмі доўгая лаўка, у сувязі з чым перад намі стаіць задача выбраць аптымальны варыянт складу», — сказаў Ганчарэнка.

Напярэдадні вылету ў Ізраіль ён адзначыў, што ў камфортным ліку першай сустрэчы «крыецца падводны камень»:
«Цяпер трэба прыкласці значна больш намаганняў, каб вывесці каманду са стану адноснай паспяховасці і настроіць яе на пэўны ўзровень агрэсіі і матывацыі, каб яна забылася пра барысаўскі вынік і згуляла так, як робіць гэта звычайна. Не, стрымгалоў ляцець наперад не трэба. Куды важней дасягнуць разумнага балансу паміж нашымі дзеяннямі ў абароне і ў нападзе, каб вырашыць галоўную задачу».
Матч «Хапаэль» — БАТЭ пройдзе 28 жніўня, пачатак у 21.45. Пераможца пары выступіць у групавым турніры лігі чэмпіёнаў, хто прайграў — у групавым турніры Лігі Еўропы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?