Апошнім часам да ўсіх вядомых свету рэвалюцый дадалася яшчэ адна: рэвалюцыя Pussy Riot. Ну, можа, паўтары, калі ўзгадаць Femen. Нехта, магчыма, дадасць яшчэ сэксуальную рэвалюцыю. Але без сэксуальнай рэвалюцыі не абыходзілася аніводная іншая. Больш за тое: менавіта сэксуальныя рэвалюцыі стваралі калі не глебу для сацыяльных рэвалюцый, то іх палкі дух і самаахвярны пакутлівы вобраз. Дастаткова нагадаць знакамітую карціну Дэлакруа «Свабода на барыкадах»...

Ёсць сэнс параўнаць той вобраз Свабоды з вобразам Pussy Riot альбо Femen, каб пераканацца ў тым, што сучасныя рэвалюцыі спеюць, да прыкладу, не на жабрацкіх сялянскіх палетках, а ў бардэлях, не ў галовах і сэрцах, а ў месцы, сціпла прыхаваным за іншаземным тэрмінам «pussy»...

Я, вядома, рызыкую наклікаць на сябе гнеў абаронцаў панк-гурту, калі выкажу думку з тых, ад якіх, па выразе адной з чытачак «НН», «патыхае сумнай саўковасцю». Але выкажу: у любога нармальнага, падкрэсліваю, нармальнага, не толькі веруючага чалавека так званая пратэстная акцыя Pussy Riot выклікае пачуццё мярзотнасці, пра якое чамусьці не прынята гаварыць услых. Не меншае за пачуццё мярзотнасці, якое выклікае расправа ўлады над маладымі жанчынамі.

Адна справа — Pussy Riot, іншая — маладыя жанчыны, некаторыя з дзецьмі. І магутная, у поўным абмундзіраванні, улада, якая пад выглядам абароны законнасці і парадку дэманструе перад усім светам сваю прагу дробнай помсты.

Здаецца, я ведаю, адкуль гэта прага: ад прыўлашчанай манаполіі на амаральнасць, маўляў, толькі я, улада, маю права на бескультурнасць, хлусню, цынізм і духоўнае цемрашальства.

Чаму, адкажыце, можна грамыхаць танкамі на могілках пад назвай Красная плошча і нельга вычварацца ў царкве?!

Чаму, адкажыце, можна ўслых абражаць не толькі кіраўнікоў тых ці іншых краін, але і самі краіны накшталт «казёл» альбо «мала не падасца», і нельга звяртацца да Багародзіцы ад імя pussy?!

Чаму, адкажыце, можна карыстацца двудушшам царкоўных іерархаў, каб не згубіць уладу, і нельга карыстацца амбонам, каб гэту ўладу адаслаць куды падалей?!

Чаму «дазваляецца ўсё» ўладзе і не «дазваляецца ўсё» прыватным асобам, асабліва калі яны аб’ядноўваюцца ці то ў апазіцыйныя партыі, ці то ў грамадскія няўрадавыя арганізацыі, ці то ў панк¬гурты?

Але амаральнасць улады не павінна апраўдваць амаральнасць прыватных асоб.

Падсудныя з Pussy Riot настойвалі на тым, што яны здзейснілі не хуліганскую, а палітычную акцыю, хаця дапусцілі «этычную памылку». Але «этычна памылковыя», амаральныя ўчынкі як сродкі палітычнага пратэсту толькі садзейнічаюць умацаванню амаральнай улады, пакідаючы грамадству адзіны сродак яе змены — крывавы і бязлітасны Riot. У перакладзе — бунт. Бяскрыўдны, па сутнасці, для ўлады Riot «дзевачак», маўляў, усяго толькі шоу, насамрэч адлюстроўвае гэту тэндэнцыю, па-сучаснаму гаворачы, трэнд.

Між тым, змены аўтарытарных рэжымаў на дэмакратычныя выспяваюць паступова і адбываюцца пад ціскам грамадства, якое яднаецца па прынцыпах высокай маралі. Брытанская Індыя і Махатма Гандзі, Чэхаславакія і Вацлаў Гавал, Савецкі Саюз і Андрэй Сахараў...

Калі падобныя змены ў рэшце рэшт адбудуцца ў Беларусі, то побач з паўстане імя Васіля Быкава...

Я пішу гэтыя нататкі 25 жніўня, дзень у дзень праз 44 гады пасля сапраўды мужнага ўчынку сямі дысідэнтаў, якія разгарнулі на Лобным месцы плакаты супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Іх жорстка збілі, кінулі ў турмы і псіхлякарні, але іх уплыў на грамадства, іх мужнасць, на той час у адзіноце, іх маральная перавага над Крамлём мелі хай сабе аддаленыя, але непераадольныя палітычныя наступствы.

Я не ведаю, як называць Лобнае месца пасля таго, як на ім, не толькі ў саборы, вар’яцелі pussy…
Але наступствы відавочныя: з аднаго боку вандалізм у якасці дэманстрацыйнай салідарнасці ды небяспечны заклік ствараць дружыны ў абарону праваслаўных сімвалаў і святынь, з іншага — сумнеў у маральнасці ліберальнай апазіцыі пуцінскаму рэжыму. А можа, спіленыя з цяжкой рукі Femen крыжы ў розных месцах Расіі — супраціў цемрашальству і сучаснаму клерыкалізму? Не, не бачу розніцы паміж вандаламі з Femen і вандаламі на могілках Курапат...

Але ёсць наступствы і малавідавочныя.

Пасіянарыя ў перакладзе з іспанскай — палкая жанчына.

Пасіянарнасць — увогуле палітычны сінонім палкай рэвалюцыйнасці. Пры ўсім захапленні яе прыкладамі менавіта яна даводзіць у рэшце рэшт да гулагаў і руйнавання храмаў.
Нават калі хавае твар і выстаўляе напаказ pussy...

Не, усё ж не ўсё дазваляецца.

Не ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?