Пасля скандалу ў Цэнтрвыбаркаме і адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам слуцкаму прадпрымальніку Аляксандру Солапу перадалі інфармацыю аб аперацыі, якая рыхтуецца супраць яго з удзелам праваахоўных органаў.

Нагадаем, 29 жніўня ЦВК не задаволіў скаргу незарэгістраванага дэпутатам па Слуцкай выбарчай акрузе № 67 Аляксандра Солапа. Юрыдычных падстаў для адмовы ў рэгістрацыі не было.

Цэнтрвыбаркам прыняў гэтае рашэнне «па маральна-этычных меркаваннях».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што ён кожны дзень атрымлівае лісты з просьбамі «не рэгістраваць Солапа, таму што ён злачынец».

Прапанову Лазавіка пакінуць рашэнне акруговай камісіі ў сіле падтрымалі дзевяць чалавек. «Супраць» прагаласавала 1 Лідзія Ярмошына.

Рашэнне ЦВК Аляксандр Солап мае намер аспрэчыць у Вярхоўным Судзе.

Праз некалькі гадзін пасля паседжання ЦВК да Аляксандра Солапа і яго жонкі ў скверы каля будынка КДБ у Мінску падышоў невядомы. Мужчына назваўся добразычліўцам і сказаў, што валодае інфармацыяй аб аперацыі, якая рыхтуецца супраць Аляксандра з удзелам праваахоўных органаў.

Па словах незнаёмца, Аляксандра Солапа збіраюцца затрымаць у аўтамабілі і пры ператрусе знойдуць наркотыкі ці зброю.

«Не ведаю, што мне рабіць, — здзіўляецца Аляксандр Солап. — Мяне ў падполле змушаюць сыходзіць?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?