Трэнер жаночай зборнай Расіі па валейболе Сяргей Аўчыннікаў быў знойдзены мёртвым у гатэлі «Дыямент» у харвацкім Порэчы падчас трэніровачнага збору маскоўскага «Дынама». Сяргею Аўчыннікаву было 43 гады.

Харвацкія СМІ паведамілі, што трэнера знайшлі ў пятлі.

«Паліцэйскае ведамства, абследаваўшы месца гібелі і не знайшоўшы слядоў гвалту, прыйшло да высновы, што памерлы пакончыў з сабой», — паведаміла Бі-Бі-Сі Сусана Сокач з паліцэйскага ўпраўлення горада.

Папярэднік нябожчыка на пасадзе трэнера зборнай Расіі Уладзімір Кузюткін адзначыў, што можа сказаць пра Аўчыннікава «толькі добрае».

«Гэта быў выдатны трэнер. Я выказваю спачуванні ўсім родным, блізкім і сябрам, камандзе і ўсім, хто працаваў з ім», — сказаў Кузюткін.

Галоўны трэнер мужчынскай зборнай па валейболе Уладзімір Алекна выказаў меркаванне, што няўдача на Алімпіядзе стала падставай для моцных перажыванняў яго калегі.

«Ён не вельмі гаваркі, нават пасля перамог быў у роздумах, курыў шмат», — адзначыў Алекна.

У чвэрцьфінале жаночая зборная Расіі саступіла будучаму чэмпіёну, зборнай Бразіліі з лікам 2:3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?