Канешне, лашчыць слых сьвяточная заява пра тое, што эканоміка Беларусі акрыяла ад нафтагазавага ўдару. Але ж абываталь арыентуецца не на піяр і нават не на макраэканамічныя абстракцыі кшталту росту ВУП. Ён арыентуецца на свой кашалёк.

А кашалёк за чатыры месяцы схуднеў на 6% (настолькі ўпалі рэальныя заробкі). Зь іншага боку, заўважна падвысіліся жыльлёва-камунальныя тарыфы і многія кошты ў крамах.

Тэзы сьвежага артыкулу эканаміста Леаніда Заікі таксама кантрастуюць з афіцыйным аптымізмам. Вось дайджэст для тых, хто ня любіць штудаваць доўгія тэксты ды блытацца ў павуціньні дыяграмаў:

— летась рознага кшталту датацыі з боку Расеі склалі 8,3 мільярду даляраў, што і стварала пазытыўны вобраз эканамічнай палітыкі;

— пачатак 2007 году паказаў інтэлектуальны ды сыстэмны параліч ураду;

— браць замежныя крэдыты азначае фінансаваць палітычную эліту за кошт будучых пакаленьняў, прадаваць "фамільнае срэбра" азначае ратаваць яе ж за кошт пакаленьняў цяперашніх. Асабліва небяспечна пазычаць у Расеі — гэта будзе "перадпродажнай падрыхтоўкай Беларусі", зацягваньнем краіны ў пастку Масквы. Можна абысьціся і бяз тых небясьпечных захадаў, калі сыстэмна зьмяніць эканамічную ды сацыяльную палітыку.

Асобна варта падкрэсльліць наступную выснову эканаміста: "У Беларусі цягам апошніх гадоў рэальныя даходы насельніцтва адарваліся ад вынікаў эканомікі. У 2006 годзе, напрыклад, ВУП вырас амаль што на 10%, а даходы — на 17,3%. Страна дзеліць і спажывае незаробленае".

Тут, мусіць, болей дарэчы быў бы мінулы час, бо спрыяла найперш нафтагазавая рэнта.

Факт тое, што, на думку Леаніда Заікі, у беларусаў сфармаваліся высокія спажывецкія запыты — кшталту тых, што былі ў амэрыканцаў падчас буму 60-х. І калі давядзецца траціць грошы найперш на харчаваньне ды камуналку, разьвітваючыся з кватэрна-аўтамабільнымі марамі — гэта можа быць успрынята надта хваравіта.

Такі трэнд грамадзкага самаадчуваньня ужо фіксуюць сацыёлягі. Напэўна, адпаведныя аналітычныя матар'ялы кладуцца і на сталы найвышэйшага кіраўніцтва. Ці не таму пайшла такая хваля супакаяльнага піяру: усё нармалёва, ні эканоміка, ні палітычнае кіраўніцтва не пахіснуліся!

Праўда, з просьбамі аб пазыках па ўсіх азімутах гэта ня надта стасуецца. Тым болей што раней айчыннае начальства падкрэсьлена ганарылася малым замежным доўгам.

Дарэчы, паводле прагнозу "БелПартызана", на вялікай прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер афіцыйны кіраўнік будзе найперш працаваць на ўсходні вэктар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?