Партрэт грамадзяніна‑беларусафіла ў люстэрку апытаньняў на сайце «НН».

Для многіх з нас зрабілася завядзёнкай пачынаць блуканьне ў сеціве з сайту www.nn.by. Хтосьці, стомлены, вяртаецца з працы дадому і ўключае кампутар у чаканьні чарговых навінаў ад «газэты сваёй душы», іншы, наадварот, цішком ад шэфа пачынае з сайту «НН» свой працоўны дзень. Хто мы – людзі па той бок манітораў, якія сустракаюцца позіркамі на сайце «НН»? Якія мы? Што мы любім, а што не трываем? Чым жывём? Адказ – у выніках апытаньняў, якія ўжо больш за паўгоду (ад верасьня 2006 да сакавіка 2007) ладзяцца на сайце «НН». Прааналізаваўшы іх, мы атрымаем агульны партрэт «нашага чалавека».

Пра сябе

«Наш чалавек» жыве найчасьцей у сталіцы Беларусі ці ў яе ваколіцах (49%). А калі ня там, дык у Варшаве, Парыжы ці Бэрліне: другая па велічыні група чытачоў сайту «НН» – жыхары іншых эўрапейскіх краінаў. Рэгіёны значна адстаюць, пры гэтым поўдзень Беларусі менш беларусізаваны, чым поўнач. Зрэшты, гэтыя лічбы адрозьніваюцца нязначна.

Статыстыка сьведчыць пра тое, што «нашыя людзі» – амбітныя ды здольныя. Яны шукаюць самарэалізацыі ў сталіцы ці за мяжой. У правінцыі ім значна цяжэй знайсьці сваё месца ў жыцьці. Вялікі працэнт чытачоў у Эўропе – сьведчаньне таго, што «ўцечка мазгоў» ідзе, аднак тыя «мазгі» думаюць пра Беларусь і, магчыма, для Беларусі. У Расею «нашыя людзі» ня надта імкнуцца.

Найперш чытачы «НН» – маладыя, актыўныя людзі. Самыя вялікія групы — ад 18 да 27 гадоў (44%), ад 28 да 40 гадоў (29%). Прыкладна палова зь іх – вернікі‑хрысьціяне, якія наведваюць храмы (найперш — праваслаўныя). Даволі вялікі працэнт, як на эўрапейскі стандарт.

Чалавекам году‑2006 чытачы зь вялікім адрывам прызналі «чалавека плошчы» – удзельніка сакавіцкіх пратэстаў. Узгадваючы рэдакцыйныя абмеркаваньні, разумееш, што ў гэтым думка чытачоў супала зь меркаваньнем «НН». «Нашя людзі» могуць калектыўна рабіць выбар на карысьць вартасьцяў ды фэнамэнаў, аддаючы ім перавагу перад канкрэтнымі асобамі (той жа Мілінкевіч набраў 19,6%). Інакш кажучы, «наш чалавек» здольны да аналізу, абстрагаваньня ды крытычнага погляду на сябе самога.

Пра будучыню

Прыкладна палова аўдыторыі «НН» прагназавала, што на Дзень Волі ў Менску выйдзе больш за 10 тыс. чалавек. Выснова: мы верым, што нас шмат, і мы ў гэтым не памыляемся.

Удзельнічаць у Дні Волі зьбіралася больлшасьць актыўных наведнікаў сайту — 67,9% плянавалі пайсьці на мітынг, 17,5% зьбіраліся сачыць за падзеямі ў інтэрнэце. Ня варта запісваць тыя 17,5% у шэрагі пасіўных баязьліўцаў – насамрэч, яны складаюць магутны інфармацыйны рэсурс, які дапамагае арганізоўваць акцыі пратэсту, даносіць інфармацыю пра падзеі ў замежжа.

«Наш чалавек» ня любіць енчыць ды перакладаць на некага адказнасць за няўдачы. Апошні Дзень Волі ўдалым лічаць амаль 60% наведнікаў сайту. То бок, мы робім сабе сьвята самі, не ўскладаючы вялікіх чаканьняў на палітычных арганізатараў.

«Наш чалавек» – аптыміст, і ў нечым нават авантурыст. 37,8% наведнікаў сайту лічаць, што палітычныя перамены ў Беларусі могуць адбыцца ў кожны момант. Яшчэ 16% чакаюць пераменаў у бліжэйшы год. Падаецца, што прыход пераменаў гэтыя людзі зьвязваюць найперш з уласнымі высілкамі.

Апытаньні «НН» сьведчаць: незалежнае грамадзтва адолела пасьлярэфэрэндумную дэпрэсію другой паловы 90‑ых і палітычную апатыю пачатку 2000‑ых.

Пра палітыку

Прыхільнікаў сучаснага рэжыму сярод чытачоў сайту «НН» – няшшмат, усяго некалькі працэнтаў. Гэта нават меней, чым прыкалістаў‑акцябратаў, якіх сярод нас набралося ажно – 5,2%. Анархістаў сярод чытачоў «НН» — 8%, лібэралаў — 11,5%, людзей левых поглядаў (камуністаў ды сацыял‑дэмакратаў) — 12,2%. Правых ды кансэрватараў болей – без малога 20%, а найвялікшая група чытачоў (каля 30%) залічае сябе да нацыяналістаў. Здаровая рэакцыя сумленнага грамадзяніна на нацыянальны прыгнёт і агрэсіўную русіфікацыю.

На падставе гэтых зьвестак можна зрабіць выснову, што выразная большасьць «нашых людзей» знаходзіцца ў правай частцы палітычнага спэктру. Але ці цалкам слушная такая думка? Заўважце, што «нацыяналісты» могуць быць і левымі, і правымі, і цэнтрыстамі, прычым левых нацыяналістаў у сёньняшнім сьвеце нямала.

Хутчэй за ўсё тыя, хто пазначыў сябе як «нацыяналіста», мелі на ўвазе ня вузкі, а шырокі сэнс гэтага слова. Фактычна, гэта тыя, хто не адносіць сябе да нейкай пэўнай палітычнай плыні накшталт правых ці левых, лібэралаў ці анархістаў. Гэта тая самая «трэцяя сіла», падыход да якой апантана шукаюць апазыцыйныя палітыкі, гэта тыя абстрактныя «прыхільнікі пераменаў», пра якіх так шмат кажуць. Называючы сябе нацыяналістамі, яны сьцвярджаюць: «мы – за Беларусь, а не за правых ці левых» (выраз «за Беларусь» у гэтым выпадку варта ўспрымаць без налёту ідэалягічнай цьвілі). «Наш чалавек» глядзіць на ўсё з беларускай пэрспэктывы, і таму экзатычным пражэктам накшталт «дэмакратычнага» яднаньня з Расеяй наканавана заставацца на маргінальных пазыцыях.

Пра апазыцыю

65,6% «нашых людзей» лічаць, што постлукашэнкаўская Беларусь будзе пад бел‑чырвона‑белым сьцягам. Яшчэ 17,3% абралі радыкальны варыянт – забараніць чырвона‑зялёны сьцяг. То бок, мы настроеныя рашуча, але не занадта радыкальна.

А вось да каго мы настроеныя радыкальна, дык гэта да «прафэсійнай апазіцыі». Ажно 87,8% падтрымалі ў пераломны момант рашэньне Аляксандра Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Не намногім меней – 72,8% — станоўча ацанілі ідэю Мілінкевіча зьвярнуцца зь лістом да Лукашэнкі. Гэта кажа пра падтрымку ідэі адзінага лідэра, чаканьне ад яго рашучых арыгінальных і незалежных крокаў. І – непрыняцьце «шляхецкай анархіі».

Рашэньне Мілінкевіча перадаць прэмію Сахарава на падтрымку рэпрэсаваных падтрымалі найбольш — 27,7%. Другой па папулярнасьці была ідэя, што Мілінкевіч мусіў быў пакінуць грошы сабе на жыцьцё, «каб свабодна займацца палітыкай і ня мець патрэбы ў спонсарах» (19,7%). Фактычна, значная частка незалежнага грамадзтва не баіцца дазволіць яму распараджацца грашыма для сваіх мэтаў – для палітыка гэта, бадай, адна з найвышэйшых праяваў даверу.

Пра рэжым ды Расею

На пытаньне «Як адкажа беларуская адміністрацыя на прапановы Эўразьвязу», 2% адказалі «прыме», а 26,7% – «к чорту пашле». Астатнія (то бок пераважная большасьць) лічаць, што адміністрацыя будзе нейкім чынам ухіліста лавіраваць – адмоўчвацца, рабіць выгляд, ці чакаць цэнаў на газ. Людзі адчуваюць, што рэжым пачуваецца ня надта камфортна і спрабуе балянсаваць.

Большасьць ня верыць, што расейска‑беларускі канфлікт будзе мець нейкія сур’ёзныя наступствы — ці то для нацыі, ці то для рэжыму. 33,9% лічаць, што нічога ня зьменіцца апрача хіба камунальных коштаў, а яшчэ 23,5% заўважаюць, што «воўк ваўка нідзе яшчэ ня зьеў» – то бок, Лукашэнка з Пуціным неяк дамовяцца. Ацэньваючы прычыны канфлікту з Расеяй, чытачы адзіныя ў думцы. На пытаньне «Хто мае рацыю і хто вінаваты ў беларуска‑расейскім крызісе» 67,7% адказалі, што заганным быў сам курс на інтэграцыю з Расеяй. Гэта зноў сьведчыць пра тое, што «наш чалавек» здольны паглядзець на праблему больш шырока, абстрагаваўшыся ад дэталяў. І ён не чакае, што Расея хоць калі спыніць падтрымку гэтага прарасейскага рэжыму.

Аўдыторыя так і ня вызначылася з дакладным адказам пра тое, хто найбольш выйграў ці прайграў у выніку нафтавага канфлікту. Мы адчуваем, што зараз нешта адбываецца, нешта зьмяняецца, але ня можам дакладна зразумець што, і да чаго гэта прывядзе. Адсутнасьць дакладнага адказу кажа пра тое, што ў «стабільнай» Беларусі зьявілася доўгачаканая непрадказальнасьць, якая дае прастору для манэўраў і нестандартных крокаў.

Абсалютная большасьць не падтрымлівае рашэньня Лукашэнкі аддаць «Белтрансгаз» «Газпрому» — 81,5%. Гэтую лічбу трэба ўлічваць найперш ня Лукашэнку, а дэмакратам, якія сутыкнуцца з патрэбай кардынальных эканамічных рэформаў.

Пра літаратуру

Народным пісьменьнкам «наш чалавек» лічаць Уладзімера Арлова (26,7%), аднак не зацыкліваецца на пытаньнях літаратурных рэйтынгаў. 20,7% увогуле раяць адмяніць гэтае званьне як савецкі перажытак.

Агулам 56% чытачоў лічаць, што слава «Зянон‑хопу» не перажыве і трох год. Яны хоць і цікавяцца навамоднымі штучкамі накшталт нашумелага ананімнага верша, але ня ставяцца да іх надта сур’ёзна. Дарэчы, на Вялікім джынсавым фэсьце найболей людзей хацелі б пабачыць Зянона Пазьняка – 47,4%. Ён далёка апярэдзіў нават Бона, вядомага сваімі гуманітарнымі акцыямі саліста гурту U2, які набраў толькі 16,6%. Варта адзначыць, што апытаньне праводзілася задоўга да зьяўленьня «Зянон‑хопу». Усё гэта сьведчыць пра тое, што Пазьняк застаецца культавай фігурай зь вялікім палітычным патэнцыялам – праўда, скарыстацца зь яго ён зможа, толькі вярнуўшыся на радзіму.

Пра мову

Піша «наш чалавек» найчасьцей кірыліцай, клясычным правапісам – каля 50%. Афіцыйным правапісам карыстаецца 22,9% аўдыторыі, то так то гэтак (у залежнасьці ад настрою) піша яшчэ 23,7%. Тут можна зрабіць некалькі высноваў. Па‑першае, клясычны правапіс дастаткова моцна заняў пазыцыі ў незалежным беларускамоўным грамадзтве. Па‑другое, было б памылкай абсалютызваць ягоную ролю і ігнараваць пажаданьні тых, хто карыстаецца афіцыйным правапісам. Пытаньне правапісу можа стаць прычынай сур’ёзнага расколу ў незалежным грамадзтве, асабліва тады, калі ўмовы для беларускай культуры зробяцца больш спрыяльнымі. З пашырэньнем ужываньня беларускай мовы праблема дзьвюх граматыкаў завострыцца. Вырашаць канфлікт трэба будзе толькі кампрамісам. Што да лацінкі, то карыстаюцца ёю толькі 4,2% «нашых людзей». Калі будзе пастаўленая задача вярнуць лацінку ў масавы ўжытак, для гэтага спатрэбяцца агромністыя высілкі яе папулярызатараў ды немалая палітычная воля. Аб’ектыўных перадумоваў для гэткага працэсу пакуль няма.

Амаль палова (48,2%) «нашых людзей» думае па‑беларуску. Па‑расейску думае 18,3%, «як калі» – 26,8. Цешыць, што людзей абсалютна ня думаючых, сярод нас 5,4%. Ці гэта тыя, хто ня думаюць, а дзейнічаюць?

Пра рознае

Самая вялікая частка чытачоў сайту «НН» (40%) глядзіць тэлевізію праз антэну кабэльнага або камэрцыйнага эфірнага ТБ мясцовага апэратара. Натуральна – гэта тая самая гарадзкая аўдыторыя. А вось 18,6% глядзіць тэлевізар праз спадарожнікавую антэну. Цікавая інфармацыя для стваральнікаў незалежнай беларускай тэлевізіі: гэтая лічба перавышае сярэднюю па краіне.

Большасьць (каля 50%) аўдыторыі адназначна лічыць найгалоўнай перамогай беларускай зброі Бітву пад Воршай. Пасьля яе ў рэйтынгу ідзе Грунвальдзкая бітва (28,5%). Вызначаючы афіцыйны дзень вайсковай славы вольнай Беларусі, будучым дэмакратычным уладам давядзецца рабіць складаны выбар паміж жаданьнямі незалежнага грамадзтва ды паліткарэктнасьцю да ўсходнягя суседа.

У навушніках нашага чалавека гучаць «Беларусь будзе вольнай» Таварыша Маўзэра ды «Гадзючнік» «NRM». Гэта, дарэчы, адзін з рэдкіх выпадкаў, калі рок‑ідалам давялося крыху пацясьніліся. Але знакава тое, што немаладая «NRM» усё роўна працягвае трымаць цікавасьць маладой аўдыторыі. Тым больш, што на трэцім месцы рэйтынгу – «Мінск—Менск» у выкананьні тых самых «энэрэмаўцаў» (18,1%)

Спартоўцам году‑2006 аўдыторыя «НН» прызнала футбаліста Аляксандра Глеба. Праўда, набраў ён ня дужа шмат — 27,1%. Астатнія працэнты расьцярушыліся паміж іншымі спартоўцамі. Няма ў нас пакуль культавай спартовай фігуры накшталт Зідану для французаў.

59,4% адмаўляюць 23 лютага як сьвята для мужчынаў. Наведнікі сайту таксама збольшага не прызнаюць 8 сакавіка – амаль 40% ня лічыць дзень Клары Цэткін за сьвята. Яшчэ 17,7% увогуле ня маюць каханай. А гэта амаль пятая частка ўсёй мужчынскай аўдыторыі сайту... Вось дзе жаніхоў шукаць трэба.

Партрэт «нашага чалавека»

Апытаньні на сайце нельга назваць чыста сацыялягічнымі, навуковымі. Разам з тым, на іх рэпрэзэнтатыўнасьць для актыўнай аўдыторыі сайту паказваў той факт, што, зазвычай, працэнты, якія акрэсьліваюцца пасьля адказу першых 50 рэспандэнтаў, не мяняюцца да канца апытаньня. З аднаго кампутарнага IP‑адрасу можна прагаласаваць толькі адзін раз. Гэта значыць, што з кожнай сеткі кампутараў, злучаных на адзін сэрвэр, рэспандэнты галасавалі толькі адзін раз. То бок, нельга было «накручваць» вынікі, бясконца галасуючы за «свой» варыянт адказу.

Зыходзячы з вынікаў апытаньняў, можна скласьці ўяўленьне пра думкі, перакананьні і ацэнкі сярэдняга чытача «Нашай Нівы» — то бок, мы атрымаем партрэт грамадзяніна‑беларусафіла ўвогуле. Дык які ён, «наш чалавек»?

Гэта малады чалавек ці дзяўчына, які ганарыцца сваёй беларускасьцю, верыць у Бога, жыве ў сталіцы, хоць і мае заманлівыя прапановы з‑за мяжы. Па дарозе на вучобу ці працу ён слухае флэш‑плэер, у якім гучыць «NRM». У нататніку (ці інтэрнэт‑дзёньніку) «наш чалавек» робіць запісы тарашкевіцай, бо думае найперш па‑беларуску. У яго добры настрой ды ўпэўненасьць у тым, што хутка ўсё зьменіцца да лепашага. Ён ня дужа давярае апазыцыйным палітыкам (ну хіба што Мілінкевічу больш‑менш), а найперш верыць у свае сілы ды прагне дзеяньня.

Вам не здаецца, што вы ўжо недзе бачылі яго, «нашага чалавека»?

* * *

ВЫНІКІ АПЫТАНЬНЯЎ

Калі, па‑Вашаму, у Беларусі адбудуцца палітычныя перамены? 349 +

У бліжэйшы год 56 16.0%

У 2011 годзе 55 15.8%

У 2016 годзе 23 6.6%

гадоў праз 20 43 12.3%

гэта можа адбыцца ў кожны момант 132 37.8%

ніколі 40 11.5%

А Вы ці пойдзеце ў царкву на Вялікдзень? 142

Так 62 43.7%

Не 66 46.5%

Пайшоў бы, ды няма маёй царквы побач 14 9.9%

Ці Вы лічыце Дзень Волі 2007 удалым? 487

Так 289 59.3%

Не 163 33.5%

Так, канцэрт у аэрапорце быў супэр 35 7.2%

Колькі чалавек зьбярэцца ў Менску на Дзень Волі? 380

Да 3 тыс. 52 13.7%

Да 5 тыс. 32 8.4%

Да 10 тыс. 58 15.3%

Больш за 10 тыс. 157 41.3%

Няважна, абы папрыходзілі 81 21.3%

Ці пойдзеце Вы на маніфэстацыю 25 Сакавіка? 486

Так 330 67.9%

Не 29 6.0%

Яшчэ ня вызначыўся 42 8.6%

Буду сачыць за падзеямі ў онлайне 85 17.5%

Які падарунак Вы зрабілі каханай на 8 Сакавіка? 356

Кветкі 61 17.1%

Парфуму 38 10.7%

Золата, каштоўныя камяні 8 2.2%

Паход у рэстаран 5 1.4%

Я сам найлепшы падарунак 32 9.0%

У мяне няма каханай 63 17.7%

Кнігу сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва» 12 3.4%

Я дзень Кляры Цэткін за сьвята не прызнаю 137 38.5%

Чырвона‑зялёны сьцяг у постлукашэнкаўскай Беларусі 439

Саступіць месца бел‑чырвона‑беламу 288 65.6%

Застанецца дзяржаўным 32 7.3%

Будзе ўжывацца нароўні зь дзяржаўным бел‑чырвона‑белым 9 2.1%

Стане сьцягам апазыцыі 34 7.7%

Будзе забаронены 76 17.3%

23 лютага для Вас сьвята? 384

так, сьвята 76 19.8%

не, я гэтага дня за сьвята не прызнаю 228 59.4%

для мяне гэта ня Дзень Савецкай арміі, а дзень стварэньня Беларускай краёвай абароны 80 20.8%

Як Вы ставіцеся да рашэньня Мілінкевіча адмовіцца ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў? 294

Правільна зрабіў 258 87.8%

Няправільна зрабіў 36 12.2%

Як вы ставіцеся да ліста Мілінкевіча Лукашэнку? 383

Правільна зрабіў Мілінкевіч 279 72.8%

Няправільна зрабіў 104 27.2%

Як трапляе тэлевізія на Ваш блакітны экран? 290

праз эфірную антэну: хатнюю, вонкавую ці камунальную 69 23.8%

праз антэну кабэльнага або камэрцыйнага эфірнага ТВ мясцовага апэратара 116 40.0%

праз «талерку» для спадарожнікавага ТВ 54 18.6%

праз інтэрнэт 8 2.8%

ня ведаю: я гляджу ТВ толькі ў мэтро ці ў гасьцях 43 14.8%

На якой мове Вы думаеце, чытач? 388

па‑беларуску 187 48.2%

па‑расейску 71 18.3%

па‑ангельску, на іншых мовах 5 1.3%

як калі 104 26.8%

я ня думаю 21 5.4%

Ці ўспомніць хто паэму «Зянон‑хоп» праз тры гады? 337

так 85 25.2%

не 137 40.7%

у Інтэрнэце столькі не жывуць 54 16.0%

да таго часу аўтар і не такое напіша 21 6.2%

яшчэ і ў школьныя праграмы ўключаць 40 11.9%

Як па‑Вашаму, хто выйграў у выніку нафтавага канфлікту? 155

Беларусь 38 24.5%

Расея 54 34.8%

Нафтавыя канцэрны 21 13.5%

Прайгралі ўсе 42 27.1%

Колькі Вам гадоў, чытач? 389

менш за 18 55 14.1%

ад 18 да 27 171 44.0%

ад 28 да 40 113 29.0%

ад 41 да 50 33 8.5%

больш за 50 17 4.4%

Ці ўхваляеце Вы рашэньне А.Лукашэнкі прадаць «Белтрансгаз» «Газпрому»? 314

Так 26 8.3%

Не 256 81.5%

Іншага выйсьця не было 26 8.3%

Чым больш у нас усяго саюзнага, тым лепей 6 1.9%

Хто для вас чалавек году ў Беларусі? 469

Алесь Бяляцкі і іншыя праваабаронцы 45 9.6%

Аляксандар Лукашэнка 10 2.1%

Аляксандар Мілінкевіч 92 19.6%

Аляксандар Казулін 51 10.9%

Віцэ‑прэм’ер Уладзімер Сямашка 5 1.1%

Зьміцер Дашкевіч 36 7.7%

Кацярына Даманькова 4 0.9%

Людзі, якія выйшлі на Плошчу ў Сакавіку 213 45.4%

Стваральнік значка з Птахам Свабоды («За Свабоду») 13 2.8%

Якая песьня 2006 году найлепшая? 663

Гадзючнік [Усё роўна мы пераможам] (NRM) 139 21.0%

Мінск—Менск (NRM) 120 18.1%

Возле дома твоего (Сярога) 7 1.1%

Сьвятло ў цемры (IQ‑48) 30 4.5%

Аўтабіяграфія (Варашкевіч‑Вольскі) 37 5.6%

Край (Нэйрадзюбэль) 48 7.2%

Не жадаю (Чырвоным па беламу) 109 16.4%

Беларусь будзе вольнай (Таварыш Маўзэр) 141 21.3%

Слушай Батьку (Алеся, Анатоль Ярмоленка) 32 4.8%

Хто найлепшы спартовец 2006 году? 129

Максім Мірны (тэніс) 13 10.1%

Аляксандар Глеб (футбол) 35 27.1%

Андрэй Мезін (хакей) 13 10.1%

Уладзімер Самсонаў (настольны тэніс) 15 11.6%

Натальля Харанека (лёгкая атлетыка) 0

Вольга Назарава (біятлён) 3 2.3%

Дзьмітры Дашчынскі (фрыстайл) 19 14.7%

Аляксандра Герасіменя (плаваньне) 8 6.2%

Кацярына Карстэн (акадэмічнае веславаньне) 6 4.7%

Іван Ціхан (лёгкая атлетыка) 12 9.3%

Алеся Турава (лёгкая атлетыка) 1 0.8%

Натальля Цылінская (вэлятрэк) 4 3.1%

Дзе Вы жывяце, наш чытач? 302

Менск і Менская вобласьць 148 49.0%

Берасьцейшчына 12 4.0%

Гарадзеншчына 19 6.3%

Гомельшчына 11 3.6%

Віцебшчына 24 7.9%

Магілёўшчына 19 6.3%

Эўропа 43 14.2%

Расея 5 1.7%

Амэрыка 9 3.0%

Афрыка і іншыя Карыбы 12 4.0%

Як мусіў распарадзіцца прэміяй імя Сахарава Аляксандар Мілінкевіч? 137

Ахвяраваць незалежным СМІ 11 8.0%

Пакінуць сабе на жыцьцё, каб свабодна займацца палітыкай і ня мець патрэбы ў спонсарах 27 19.7%

На дапамогу рэпрэсаваным і сем’ям палітвязьняў 38 27.7%

На выданьне беларускіх кніг і музыкі 22 16.1%

На ўсталяваньне помніка Вітаўту Вялікаму ў Горадні 8 5.8%

На дзейнасьць Аб’яднаных дэмакратычных сілаў 9 6.6%

Аддаць на дзяцей‑сіротаў 10 7.3%

Здаць у Камітэт па гуманітарнай дапамозе пры прэзыдэнту і пакаяцца 12 8.8%

Хто Вы па палітычных поглядах, чытач? 286

чалавек левых поглядаў 19 6.6%

сацыял‑дэмакрат 12 4.2%

камуніст 4 1.4%

анархіст 23 8.0%

чалавек правых поглядаў 37 12.9%

кансэрватар 18 6.3%

хрысьціянскі дэмакрат 38 13.3%

лібэрал 33 11.5%

нацыяналіст 84 29.4%

староньнік дзействуюшчэй власьці 3 1.0%

акцябронак 15 5.2%

Мэрам Варшавы стала жанчына. А хто стане першай жанчынай‑мэрам Менску? 123

Тацяна Сулімава 12 9.8%

Лідзія Ярмошына 29 23.6%

Зінаіда Бандарэнка 23 18.7%

Кацярына Карстэн 3 2.4%

Іна Кулей 47 38.2%

Анжаліка Агурбаш 9 7.3%

Як адкажа беларуская адміністрацыя на прапановы Эўрасаюзу? 187

Прыме 4 2.1%

Прамаўчыць 48 25.7%

Зробіць выгляд 36 19.3%

К чорту пашле 50 26.7%

Дачакаецца цэнаў на газ 49 26.2%

Чым скончыцца расейскі нафтагазавы шантаж? 183

Нічым, толькі цана на газ вырасьце, і камунальныя плацяжы 62 33.9%

Ціхай капітуляцыяй і продажам «Белтрансгазу» па «ўзаемавыгаднай рынкавай цане» 52 28.4%

Скасаваньнем дамовы пра «саюзную дзяржаву» 6 3.3%

Пераарыентацыяй Беларусі на Захад 4 2.2%

Расея навяжа адзіную валюту, і залежнасьць Беларусі ад Расеі ўзмацніцца 16 8.7%

Воўк ваўка нідзе яшчэ ня зьеў 43 23.5%

Хто мае рацыю і хто вінаваты ў беларуска‑расейскім крызісе? 371

Вінаватая Расея: хоча падпарадкаваць Беларусь 66 17.8%

Вінаватая Беларусь: хоча эксплюатаваць Расею 17 4.6%

Вінаваты той, хто нажываецца на рээкспарце нафты 29 7.8%

Вінаватыя ворагі славянскіх народаў 8 2.2%

Заганны быў сам курс на інтэграцыю з Расеяй 251 67.7%

Хто вы паводле веравызнаньня, чытач? 327

Праваслаўны 124 37.9%

Каталік 68 20.8%

Грэка‑каталік (уніят) 28 8.6%

Пратэстант 24 7.3%

Мусульманін 5 1.5%

Юдэй 1 0.3%

Паганец 0

Я ў Бога веру, але ні да якой канфэсіі не належу 36 11.0%

Я ў Бога ня веру 30 9.2%

Ды інтэрнаўт я! 11 3.4%

Як Вы ацэньваеце выбар Архана Памука нобэлеўскім ляўрэатам у галіне літаратуры? 119

Упершыню за доўгія гады — слушны 28 23.5%

Ізноў спудлавалі 8 6.7%

Шкада, што не беларусу 64 53.8%

Памука не чытаў, але ўхваляю 19 16.0%

Ці слушна зрабіла Беларусь, вярнуўшы Віку Мароз у Вялейку? 219

Слушна, беларускія дзеці хай гадуюцца ў Беларусі 21 9.6%

Няслушна, у Італіі ёй было б лепш 80 36.5%

Хай бы італьянцы яе зараз удачкавалі, але законным чынам 73 33.3%

Усё гэта паразьдзьмулі, каб абмежаваць кантакты беларусаў з Эўропай 45 20.5%

Хто, па‑вашаму, варты званьня Народнага Пісьменьніка Беларусі? 715

Сьвятлана Алексіевіч 88 12.3%

Уладзімер Арлоў 191 26.7%

Генадзь Бураўкін 45 6.3%

Лявон Вольскі 99 13.8%

Адам Глёбус 90 12.6%

Іван Пташнікаў 4 0.6%

Алесь Разанаў 33 4.6%

ніхто ня варты 17 2.4%

гэтае званьне трэба адмяніць як савецкі перажытак 148 20.7%

Каго б вы хацелі бачыць на «Вялікім джынсавым фэсьце»? 441

Озі Осбарна 55 12.5%

Бона (U2) 73 16.6%

Зінэдзіна Зідана 40 9.1%

Вацлава Гаўла 30 6.8%

Леха Валэнсу 17 3.9%

братоў Клічкоў 17 3.9%

Зянона Пазьняка 209 47.4%

Якая перамога беларускай зброі самая значная? 295

перамога над татарамі на Сініх Водах у 1362 г. 37 12.5%

Грунвальдская бітва 1410 г. 84 28.5%

Клецкая бітва 1506 г. 2 0.7%

Бітва пад Воршай 1514 г. 146 49.5%

Перамога над швэдамі пад Кірхгольмам у 1605 г. 5 1.7%

Бітва пад Мілавідамі 1863 г. 6 2.0%

Апэрацыя «Багратыён» 15 5.1%

Як вы пішаце? 118

Афіцыйным правапісам 27 22.9%

Клясычным правапісам 58 49.2%

Лацінкай 5 4.2%

То так, то гэтак — пад настрой 28 23.7%

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?