1 верасня Вярхоўны суд Беларусі прызнаў абгрунтаванай і задаволіў скаргу Віктара Цярэшчанкі на рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў,
паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Марыя Лапо.

Нагадаем, 29 жніўня ЦВК не задаволіў скаргу Віктара Цярэшчанкі, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29. Прычынай адмовы сталі прызнаныя акруговай камісіяй несапраўднымі подпісы.

Падчас пасяджэння Цярэшчанка паведаміў, што ў яго ёсць заявы выбаршчыкаў, якія пацвярджаюць факт роспісу ў яго падтрымку ў прысутнасці членаў ініцыятыўнай групы.
Аднак, як заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, Цэнтральная камісія, прымаючы рашэнне, павінна зыходзіць «з тых дакументаў, якія здабывала акруговая камісія». «Мы бачым, што яна іх здабывала законна, не прымушаючы грамадзян», — падкрэсліла Ярмошына, адзначыўшы, што пазней выбаршчыкі маглі ўказаць у заявах факты, аб якіх папрасіў сам Цярэшчанка, бо яны ведалі яго.

Каментуючы рашэнне Вярхоўнага суда, Віктар Цярэшчанка адзначыў, што яго скарга разглядалася больш за тры гадзіны.

«Я запатрабаваў дасканала вывучыць 24 тлумачэнні выбаршчыкаў, якія напісалі, што яны ставілі подпісы ў маю падтрымку ў прысутнасці членаў маёй ініцыятыўнай групы», — сказаў Цярэшчанка.

Аб станоўчым рашэнні Цярэшчанку інфармавалі па тэлефоне, бо прысутнічаць сёння ў Мінску на пасяджэнні суда ён не мог. «Мне сказалі, што пастанова Цэнтрвыбаркама аб адмове ў задавальненні скаргі на адмову ў рэгістрацыі адменена, і мяне зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Я быў прыемна здзіўлены рашэнню суда», — заўважыў ён.

Паводле слоў Цярэшчанкі, у ЦВК ужо ведаюць аб рашэнні Вярхоўнага суда, і ў панядзелак, 3 верасня, ён зможа забраць пасведчанне кандыдата ў дэпутаты. «Але я страціў дзесяць дзён агітацыі — гэта вельмі ўскладняе перадвыбарную кампанію», — дадаў кандыдат.

Скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ЦВК разглядала з 28 па 30 жніўня ўключна. З 53 скаргаў задаволена ўсяго 11.

У Вярхоўны суд на гэты час паступіла восем скаргаў на рашэнне ЦВК. З пяці разгледжаных задаволена пакуль адна — Віктара Цярэшчанкі.

Як патлумачыла прэс-сакратар, суд працуе ў выхадныя дні ў сувязі з тым, што, згодна з заканадаўствам, скаргі на адмову ў рэгістрацыі павінны быць разгледжаныя на працягу трох каляндарных дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?