Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт сцвярджае, што ўрад яго краіны не мае нічога агульнага з «плюшавым дэсантам», які ажыццявілі прадстаўнікі шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total (выкінуўшы над Мінскам і Івянцом 4 ліпеня з самалёта плюшавых мішак з заклікам да свабоды слова).
«Мы з гэтым нічога агульнага не маем — не дазвалялі і не забаранялі.Як я разумею, у сувязі з гэтым вядзецца незалежнае юрыдычнае расследаванне, я пакідаю гэтую справу праваахоўнікам — гэта шлях, па якім ідуць нашы краіны», — сказаў на прэс -канферэнцыі Більт.
Спачатку Мінабароны Беларусі адмаўляла «інцыдэнт з плюшавымі мішкамі», аднак былі арыштаваныя фатограф Антон Сурапін, які першы змясціў фота плюшавых мядзведзікаў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які здаў кватэру шведам.
Дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня беларускія ўлады інфармавалі Швецыю аб непрадаўжэнні акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану.Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі абвясціла аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. 20 жніўня пасольствы прыпынілі працу.