Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, на беларускай у паўсядзённым жыцці размаўляюць адзінкі. Калі быць дакладней, па дадзеных статыстыкі, колькасць такіх ледзь-ледзь перавышае 20% насельніцтва Беларусі.

Мы папрасілі трох беларусак, верных роднай мовы, распавесці, як гэта быць свайго роду «белымі варонамі» у грамадстве, чаму яны не пайшлі, як большасць, па больш лёгкім шляху, і з чым ім даводзіцца сутыкацца з-за сваёй беларускамоўнасці.

Антося, 26 год, сакратар:


«Як напісала калісьці беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц, „…пачынаецца ўсё з любві…“ — вось так і ў мяне ўсё пачалося з класічнай гісторыі пра каханне.

У 10-м класе да нас прыйшоў новы настаўнік беларускай мовы і літаратуры, малады мужчына. І ён неяк адразу, з першага ўрока здзівіў мяне сваім „нестандартным падыходам“ да працэсу навучання: у шэрую будзённасць школьнага жыцця ўварваўся подых свабоды і творчасці.

Для мяне гэта быў цэлы Новы Свет. Ну і, канечне, я па-падлецку шчыра закахалася ў свайго настаўніка і яго прадмет. Стала наведваць бібліятэку, чытаць кнігі, якія не ўключаны ў школьную праграму, удзельнічала ў алімпіядах. А аднойчы наш настаўнік прапанаваў мне і сяброўцы схадзіць на літаратурную імпрэзу. Там я, здаецца, упершыню пачула беларускую мову з вуснаў розных людзей. Дагэтуль мне стэрэатыпна ўяўлялася, што ў паўсядзённым жыцці ёю карыстаюцца выключна настаўнікі.

Вяртаючыся з імпрэзы, мы з сяброўкай вырашылі паспрабаваць размаўляць адна з адной па-беларуску. Тады гэта першая спроба далася цяжка: падоўгу прыгадвалі неабходнае слова, саромеліся, бо падавалася, што ўсе людзі навокал глядзяць на нас… Так гэта было для нас незвычайна. Цяпер, дарэчы, сама нярэдка сутыкаюся з такім шаблонным успрыняццем:

пачуўшы маю беларускую, людзі адразу запытваюць: „Настаўніца ці апазіцыянерка?“

Далей было паступленне на філфак, хаця яшчэ год таму рыхтавалася ісці ў лінгвістычны. Тады, канечне ж, найменш думалася пра практычныя рэчы: працу, заробак і г.д. Цяпер, можа, выбрала б і нешта іншае, бо разумею, што спалучыць тое, што падабаецца, і тое, што прыносіць нармальны заробак, атрымліваецца далёка не заўжды.

Мне пашэнціла, што цяпер я працую ў беларускамоўным калектыве. Але працу беларускамоўнаму чалавеку знайсці складаней. Кола пошукаў значна абмяжоўваецца пэўнымі сферамі.
Ну, гэта асобная „балючая тэма“.

Досыць цяжка ў псіхалагічным плане адбываўся мой пераход на беларускую мову ў сям’і. Па-першае, для родных такая змена была нязвыклай і некамфортнай: ўсё гэта выглядала для іх штучна і „нацягнута“. Усё жыццё размаўляла на адной мове, а тут — на табе! Па-другое, шматлікія словы з маёй „прычасанай“ літаратурнай мовы родныя, якія па большасці чулі беларускую гутарку толькі ў вёсцы (а сучасная мова нашых вяскоўцаў вельмі зрусіфікаваная, бліжэй да трасянкі), папросту не разумелі…

Праўда цяпер, калі я размаўляю па-беларуску ўжо недзе 8 год, такія праблемы больш не ўзнікаюць: родныя даўно звыкліся і цудоўна мяне разумеюць. Больш за тое:

калі спачатку бацька ставіўся да такой маёй ініцыятывы вельмі скептычна, можа, нават саромеўся майго дзівацтва, то цяпер сябрам гаворыць пра мяне ледзь не з гонарам!

Я ні ад каго не чакаю і не патрабую дзеля мяне пераходзіць на беларускую мову, хаця калі людзі гэта робяць, мне, безумоўна, прыемна. Для мяне галоўнае не „адстаяць сваю прынцыповую пазіцыю“, а проста быць сабой. Не люблю, калі мяне спрабуюць „абярнуць у сваю веру“: я за свабоду поглядаў, за добраахвотны выбар. І гэта датычыцца не толькі мовы…»

Паліна, 26 год, філолаг:


«Не памятаю, з чаго я раптам стала размаўляць па-беларуску, даўно гэта было. Але для мяне беларуская мова не матчына — гэта факт.

Бацькі ў мяне наогул рускія, і мяне з гэтай прычыны таксама запісалі рускай. Але нацыянальнасць — яна не ў пасведчанні аб нараджэнні, яна ў душы.

Калі ў мяне пытаюцца, чаму я размаўляю па-беларуску, я кажу: а мне падабаецца! Ну хіба ўсім растлумачыш, што размаўляць па-беларуску ў Беларусі — гэта натуральна?

Часам беларуская мова мяне даводзіла калі не да Кіева, то да завода халадзільнікаў — дакладна. Сядаю я ў таксі, кажу: „Да Гадзіннікавага завода“. Сяджу сабе, паглядваю ў акенца і разумею, што едзем мы зусім не да парка Чалюскінцаў, а да Камсамольскага возера. Гэтае непаразуменне, заснаванае на міжмоўным сугуччы мінскіх заводаў, вылілася тады для мяне ў лішнія кіламетры, рублі і хвіліны, якія мы з таксістам вырашылі падзяліць папалам.

Ці вось яшчэ быў выпадак. Заходжу я неяк у банк, звяртаюся да касіркі, а яна мне так рэзка, па-сабачы: „Говорите по-человечески!“ Дык вось, такія выпадкі вымушаюць мяне часам пераходзіць на рускую мову ў тых сітуацыях, калі я зацікаўлена, каб мяне зразумелі і зразумелі правільна.

Так склалася, што з мужам мы таксама мусілі шукаць агульную мову, і яна ў нас аказалася руская. Чалавек змяняецца, калі размаўляе на іншай мове: змяняюцца не толькі словы і гукі, але і інтанацыя і лад мыслення. Беларускамоўная я для мужа — чужая.

Зараз я маладая мама і знаходжуся ў дэкрэце. І сёння мова для мяне выконвае найперш камунікацыйную функцыю. Я стамілася быць шыльдай беларускай мовы, музейным экспанатам, на які дзівяцца наведвальнікі. Цяпер мне прыемна пагаварыць на мове з сябрамі і калегамі (балазе, сярод іх шмат беларускамоўных), аднак я без праблем пераходжу на рускую мову, калі бачу, што суразмоўцу цяжка падтрымліваць са мной гутарку. А дачку я мару вырасціць паўнавартаснай білінгвай, каб яна ніколі не адчувала „моўных“ комплексаў».

Аляксандра, 26 год, спецыяліст па сертыфікацыі:


«Здаецца, жыву я, як усе, і нічога не мусіць выдзяляць мяне з натоўпу. Але, на жаль, так сталася, што людзі, якія жывуць у Беларусі і абіраюць беларускую мову як сродак зносін у паўсядзённым жыцці, відавочна выклікаюць цікавасць у грамадства. Безумоўна, мне хацелася б, каб усе беларусы пачалі размаўляць на сваёй роднай мове, але, як кажуць, пачынаць трэба заўсёды з сябе. Вось я і пачала. Дарэчы,

па-беларуску ў сям’і размаўляю толькі я. Мой муж мяне заўсёды падтрымлівае, але сам размаўляць саромеецца, кажа, што мовы не ведае.

Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я ўладкавалася сакратаркай на фірму, якая займалася продажам кліматычнага абсталявання. На працы я размаўляла па-руску, аргументуючы гэты тым, што так мяне зразумее большая колькасць людзей. Але аднойчы,

мой начальнік (буду ўдзячна яму заўсёды), пачуў, як я размаўляю па-беларуску, і папрасіў мяне з гэтага часу не пераходзіць на рускую мову.
Першыя дні было вельмі складана адказваць на тэлефанаванні: трэба было кожнаму (!) у ветлівай форме патлумачыць, чаму я размаўляю па-беларуску. З таго часу беларуская мова толькі дапамагала мне ў працы. Людзі лёгка запаміналі мяне, а некаторыя пытанні дзякуючы мове вырашаліся хутчэй.

Але здаралася і такое, што я тэлефанавала камусьці і чула:

„Господин N, возьмите трубку, там вас какая-то сумасшедшая хочет услышать: разговаривает по-белорусски“. Але такія рэакцыі хутчэй выключэнне, чым правіла.
У асноўным, пачуўшы мяне, людзі мусяць даць свой каментар не ў такой агрэсіўнай форме. Аднойчы да мяне ў краме падышла бабулька і сказала: „Дзяўчынка, дзякуй табе за мову!“ Безумоўна, мне было прыемна гэта чуць.
Такія сітуацыі можна параўнаць з выпадкамі, калі ты бачыш чалавека, які піша левай рукой. Чамусьці ўсе хочуць расказаць яму, што левай рукой пішуць творчыя людзі, або паведаміць, што чыйсці знаёмы, сусед і пад. таксама пішуць левай рукой, ці проста заўважыць: „О, ты пішаш левай рукой!“ Ты цікавіш людзей, і яны хочуць пазнаёміцца з табой бліжэй.

Такім чынам, беларуская мова, на мой погляд, робіць жыццё тых, хто ёю карыстаецца, вельмі разнастайным! Ну і, канечне, мне хочацца, каб людзі чулі мяне і ведалі, што ў Беларусі размаўляюць па-беларуску. А ў заключэнне хачу сказаць: я стала размаўляць па-беларуску ў першую чаргу таму, што я люблю сваю мову і лічу яе самай прыгожай у свеце!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?