2 верасня касцёл св. Юды Тадэвуша ў першую чаргу вітаў школьнікаў і студэнтаў, настаўнікаў і выхавацеляў. У пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года яны атрымалі Божае блаславенне. Разам маліліся мясцовы ксёндз Мікалай Ліпскі і госці — ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава (Докшыцкі дэканат) і вікарый парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску, ураджэнец Пастаўскай зямлі ксёндз Антон Лагунёнак.

Урачыстую Прыміцыйную святую імшу ўзначаліў кс. Антон Лагунёнак — два тыдні таму ён атрымаў святарскае пасвячэнне з рук Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдзіа Гуджэроці і па спецыяльным дазволе Папы Бенедыкта XVI удзяліў Прыміцыйнае папскае блаславенне ўсім прысутным.

— Сёння ў Глыбокім урачыста адзначаюць Дзень пісьменства, — адзначыў ксёндз Мікалай Ліпскі. — Свята, калі ўшаноўваецца сапраўдны скарб чалавецтва — кніга. Усім нам трэба памятаць, што самае важнае ў жыцці кожнага хрысціяніна — Божае слова. Мы павінныя не толькі слухаць Яго падчас супольнай малітвы, але і штодня прымаць у свае сэрцы. Біблія — галоўная кніга нашага жыцця.

Акрамя Божага блаславення школьнікі і студэнты атрымалі падарункі — канцтавары, купленыя па ініцыятыве парафіі.

Пасля святочнай імшы парафіян чакаў канцэрт вядомага мінскага гурта «Босае сонца» і слыннага беларускага кампазітара і выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча. Лідар «Босага сонца» Алесь Кот-Зайцаў (гітара, вакал) у суправаджэнні Рамана Лугавога (акардэон) праспяваў некалькі ўласных твораў, стыль якіх можна было б умоўна назваць музычным імпрэсіянізмам. Сярод іншых прагучала лірычная песня на верш польскага паэта Р. Ваячка ў арыгінале. У другім аддзяленні З. Вайцюшкевіч падарыў слухачам некалькі песняў на вершы мэтраў беларускай паэзіі — У. Караткевіча, Р. Барадуліна, У. Някляева, Л. Дранько-Майсюка. З асаблівай цеплынёй была ўспрынятая шчымлівая песня пра маму з супольнага праекта З. Вайцюшкевіча і Г. Бураўкіна. Імправізаваны хор прысутных дружна падхапіў «Калыханку» В. Раінчыка і Г. Бураўкіна, а на развітанне прагучала традыцыйнае «Бывайце здаровы, жывіце багата». Не абышлося і без песні «на біс» — ёю стала «Я нарадзіўся тут» з аднайменнага альбома. З. Вайцюшкевіч нязмушана вёў размову з публікай, жартаваў, прыгадваў цікавыя гісторыі і ў канцы пакінуў у падарунак парафіі некалькі каштоўных аўдыёдыскаў.

Гэты дзень запомніўся каталікам і яшчэ адной вельмі прыемнай падзеяй — у касцёле адкрылася вялікая фотавыстава. Яе галоўны герой — Лучай ва ўсёй сваёй духоўнай прыгажосці. Пастаўчанін Андрэй Мацур і мінчанін Альфрэд Мікус зафіксавалі на здымках найлепшыя моманты нядаўніх мерапрыемстваў парафіі — фэстаў у гонар св. Андрэя Баболі, св. Ганны, урачыстасці першай святой камуніі, крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу і іншае.

Пра высокі ўзровень выставы сведчыць той факт, што яе «бацькі» — прафесіяналы сваёй справы. Андрэй Мацур — старшыня пастаўскага фотаклуба «Светосила», аўтар шматлікіх персанальных і суаўтар калектыўных фотавыставаў. Альфрэд Мікус — удзельнік фотавыставаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Германіі іншых краінах, прызёр Тыдня славянскага мастацтва ў Берліне (2011), фіналіст конкурсу «Еўропа вачыма беларусаў» і шматлікіх іншых.

Людзі, касцёл, настрой, эмоцыі, перажыванні — усё гэта цесна пераплецена ў фотаздымках, якіх у касцёле размешчана 70 (!). Выстава застанецца ў каталіцкай святыні да канца года.

Магчымасцяў папоўніць яе ўдалымі кадрамі будзе яшчэ шмат. Ужо 30 верасня ў Лучаі адбудзецца новае мерапрыемства — свята Лучая. Галоўная мэта арганізатара — ксяндза Мікалая — падкрэсліць дату 470-гадовага дня нараджэння мясцовасці. Станоўчыя эмоцыі, выдатны настрой і якасны канцэрт забяспечаныя. Запрашаем!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?