Сярэдні заробак у Мінску ў ліпені амаль дасягнуў 5 мільёнаў, адрапартаваў Белстат. Гэта нават больш за $500, пра якія ўлады кажуць тым часцей, чым бліжэй робіцца дата парламенцкіх выбараў. Натуральна, далёка не кожны, хто працуе ў сталіцы, атрымлівае такі заробак. Мы прааналізавалі размешчаныя на сайце Мінгарвыканкама вакансіі за жнівень, каб высветліць, каму прапануюць найменшы заробак, хто зарабляе найбольш.

Ад мільёна

Найменшыя заробкі прапануюць крэдытным і гандлёвым агентам, акушэркам у шэрагу мінскіх паліклінік.
Як правіла, на такія пасады патрабуюцца маладыя людзі з малым працоўным стажам. Невялікія заробкі прапануюць і артыстам. Але ў іхнім выпадку часцей за ўсё гаворка ідзе пра гнуткі графік працы і частковую занятасць.

Так, ад 1,05 мільёна рублёў (каля $125) у Мінску прапануюць адміністратарам у шэрагу банкаў і ў Белтэлерадыёкампаніі. Столькі ж прапануюць акампаніятару-канцэртмайстру і артысту балета ў Ансамблі танца. Заробкі акушэркам прапануюць пачынаючы з 1,5 мільёна.

Каля $500 і больш

Заробкі, большыя за 4 мільёны, найчасцей прапануюць спецыялістам будаўнічых прафесій. З гэтай сумы стартуе заробак арматуршчыкаў і бетоншчыкаў.
Інжынеры і архітэктары ў сярэднім атрымліваюць 4—6 мільёнаў. Малярам і тынкоўшчыкам прапануюць ад 6 мільёнаў рублёў.

Магічныя $500 прапануюць бармэну ў гатэлі «Мінск». А вось Кіраўніцтва справаў прэзідэнта (галоўнае гаспадарчае ўпраўленне) шукае сістэмнага адміністратара камп’ютарнай сеткі з заробкам ад 4,8 мільёна (каля $570).

Шукаюць спецыяліста з веданнем фарсі

Кепскі той адміністратар банка, які не марыць узначаліць яго. Заробак 14,7 мільёна як у кандыдата на пасаду начальніка ўпраўлення «Белаграпрамбанка» — добрая матывацыя для кар’ернага росту. Паверанаму ў справах «ТК Банка» прапануюць 12 мільёнаў, аднак кандыдату на пасаду неабходна ведаць англійскую мову і фарсі. Вядучы спецыяліст у аддзеле распрацоўкі кіравання інфармацыйных тэхналогій «Дэльта банка» будзе зарабляць на 400 тысяч больш.

Каб атрымліваць 10 мільёнаў, не абавязкова быць начальнікам у банку. Столькі прапануюць кіроўцам фураў, занятых у сферы міжнародных перавозак.

А што ў рэгіёнах?

Як відно, у сталіцы пры жаданні можна знайсці добры заробак. А цяпер разгледзім вакансіі, якія прапануюцца ў адных з самых аддаленых ад Мінска райцэнтрах краіны. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Вялікай Бераставіцы (Гродзеншчына) найменшы заробак складае 1,5 мільёна. Яго прапануюць дарожнаму рабочаму, печніку, прыбіральшчыку памяшканняў, кветкаводу і слесару-сантэхніку. На найбольшы заробак у памеры 3,6 мільёна прэтэндуе інжынер энергаінспекцыі.

Гарадок (Віцебшчына) — адзіны з прааналізаваных намі райцэнтраў, дзе сустракаецца заробак, які набліжаецца да $500.
4 мільёны рублёў тут прапануюць мулярам, тынкоўшчыкам і жывёлаводам. Самы ж малы з прапанаваных заробкаў у прыбіральшчыкаў — усяго 1 055 тысяч рублёў.

У Лоеве, што на Гомельшчыне, чвэрць стаўкі відэадэманстратара складае каля 260 тысяч (1 050 тысяч за поўную стаўку). На самы высокі заробак тут прэтэндуе машыніст экскаватара — 3,5 мільёна рублёў.

Маларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці (Брэстчына) шукае тэхніка-наглядчыка на заробак у 1 090 тысяч рублёў, а мясцовая раённая бальніца гатовая плаціць 2,9 мільёна доктару-спецыялісту.

У Хоцімску на Магілёўшчыне на самы малы і на самы вялікі заробкі прэтэндуюць трактарысты. Мясцовае ДРБУ абяцае 1,07 мільёна, а ААТ «Бабулін падворак» — 2,3 мільёна.

Заробкі

Мінск 1,05—14,7 млн

Вялікая Бераставіца 1,5—3,6 млн

Гарадок 1,05—4 млн

Лоеў 1,04—3,5 млн

Маларыта 1,08—2,9 млн

Хоцімск 1,07—2,3 млн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?