Дапамагчы лідару міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Змітру Дашкевічу можна толькі арганізаваўшы кампанію салідарнасці. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіла каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька.

Сёння ў Мінску праходзіць круглы стол пад назвай «Свабоду Дашкевічу! Свабоду Беларусі! Стоп 411», арганізаваны ініцыятывай «За волю» па прапанове сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. На ім абмяркоўваліся пытанні дапамогі Дзмітрыю Дашкевічу, які нядаўна быў асуджаны на год пазбаўлення волі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Беларусі за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы.

«Мы абмяркоўваем пытанні, як спыніць у Беларусі дзеянне 411-га артыкула КК, што трэба зрабіць для таго, каб вызваліць і Дашкевіча, і астатніх палітзняволеных, якіх у нас 16 чалавек», — сказала Шапуцька.

Яна адзначыла, што гэта ўжо не першы круглы стол, на якім абмяркоўваюцца пытанні вызвалення палітзняволеных. «На жаль, хваля салідарнасці з палітзняволенымі амаль нулявая. І як мы ні б’емся, мы ніяк не можам яе падняць на належную вышыню. Сёння мы абмяркоўваем чарговыя мерапрыемствы, але іх можна зрабіць толькі пры дапамозе ўсяго неабыякавага грамадства», — адзначыла Шапуцька.

«Калі гэта хваля будзе моцнай, калі неабыякавымі да праблемы палітзняволеных стануць тысячы і тысячы беларусаў — толькі тады палітзняволеныя будуць вызваленыя.
Ну, і вядома, калі Еўропа перастане гуляць з дыктатурай у гульні», — заявіла Шапуцька.
    28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 гэтага райцэнтра прызнаў Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы» (частка 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе.
    У калоніі Глыбокага лідар арганізацыі адбывае пакаранне па крымінальнай справе, распачатай у канцы 2010 года. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 года, Дашкевіча і яго таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачанні ў збіванні двух мужчын. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі арышт Дашкевіча і Лобава, прыгаворанага да чатырох гадоў пазбаўлення волі, як прэвентыўную меру па зачыстцы актывістаў апазіцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі зняволенымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?