У ДВА «Белэнерга» распрацаваны дыферэнцыраваныя тарыфы на аплату электраэнергіі, зыходзячы з колькасці прапісаных у кватэры чалавек і сезона. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення збыту гэтай арганізацыі Сяргей Шэбека.

Паводле яго слоў, у кватэрах з газавымі плітамі ў міжацяпляльны сезон (з 1 красавіка па 30 верасня) плануецца ўсталяваць сацыяльны тарыф 70 кВт·г на аднаго чалавека і па 15 кВт·г на кожнага дадаткова зарэгістраванага чалавека.
Такім чынам, для сям’і з трох чалавек будзе дзейнічаць нарматыў 100 кВт·г.
У ацяпляльны сезон (з 1 кастрычніка па 30 сакавіка) тарыф на аднаго чалавека складзе 80 кВт·г, на кожнага іншага члена сям’і — плюс 15 кВт·u.
У выпадку расходу электраэнергіі звыш гэтай нормы жыхарам прыйдзецца плаціць 595 рублёў за кВт·г, што ў два разы больш, чым сёння.
У кватэрах з электрычнымі плітамі прапануецца наступная схема: у міжацяпляльны сезон 120 кВт·г на аднаго чалавека і 20 кВт·г на кожнага дадаткова зарэгістраванага. У зімовы сезон, адпаведна, 135 кВт·г і 20 кВт·г.

Па словах Сяргея Шэбекі, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні яшчэ не прынята.

Памеры сацыяльных тарыфаў будуць вынесены на грамадскае абмеркаванне (тэлефоны «гарачых ліній» паведамяць дадаткова). Меркаванні грамадзян будуць вывучаць да 1 лістапада.
Прадстаўнікі «Белэнерга» таксама ўдакладнілі, у гэтым годзе новыя тарыфы дакладна уведзены не будуць.

Спецыялісты ўдакладнілі: калі ў кватэры ніхто не прапісаны, плата за электрычнасць будзе спаганяцца, зыходзячы з тарыфу 595 рублёў за кВт·г.

Дадзены кошт у «Белэнерга» называюць эканамічна абгрунтаваным і прывязаным да ўзроўню заробкаў насельніцтва. Разам з тым нават пры такім тарыфе энергазабеспячальныя арганізацыі будуць несці страты, запэўніла журналістаў в. а. намесніка гендырэктара «Белэнерга» Ніна Грэчыха. Паводле яе слоў, сёння насельніцтва аплачвае 3 цэнты за кожны кілават, тады як для стопрацэнтнага пакрыцця выдаткаў трэба плаціць у тры разы больш.
Выхад на поўную аплату кошту электраэнергіі насельніцтвам у Беларусі запланаваны на 2015 год.

Па словах спецыялістаў, вызначаны некаторыя катэгорыі грамадзян, якіх не закрануць дыферэнцыраваныя тарыфы. Да іх аднесены шматдзетныя сем’і. Разам з тым у «Белэнэрга» не лічаць, што новыя тарыфы моцна ўдараць па кішэнях беларусаў. На прэс-канферэнцыі прагучала такое меркаванне:

«Людзі плацяць за размовы па мабільным тэлефоне па 50 тысяч у месяц і не скардзяцца, што грошай не хапае. У той жа час за электраэнергію плацяць усяго 30–40 тысяч рублёў — гэта малыя грошы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?