Зыгмунд Валевач балатуецца па Уручскай выбарчай акрузе № 109. Па той самай, дзе вылучаўся лідар «Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і абаронца «Уручча-2» Леанід Мажальскі. На разглядзе скаргі аб адмове рэгістрацыі ў ЦВК

кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Юрый Меляшкевіч адзначыў, што лідара руху не зарэгістравалі, каб забяспечыць месца дэпутата Валевачу, які з’яўляецца сваяком Мясніковіча.
Ці так гэта насамрэч?

«НН»: Прадстаўнік вылучэнца Аляксандра Мілінкевіча Юрый Меляшкевіч на паседжанні ЦВК заявіў, што Мілінкевіча не зарэгістравалі, каб забяспечыць месца дэпутата вам, бо вы — сваяк прэм’ер-міністра. Скажыце, калі ласка, якія сваяцкія сувязі звязваюць вас з Міхаілам Мясніковічам? Ці знаёмыя вы наогул?

ЗВ: З прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам мяне звязвае толькі малая радзіма — Нясвіжскі раён. Так, я з ім знаёмы, але мы, на жаль, не сваякі, мы розныя па ўзросце і па кар’еры. У жыцці мы перасякаліся, калі ён быў старшынём Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі падчас навуковых канферэнцый і іншых мерапрыемстваў. Параўнайце маю біяграфію і Міхаіла Уладзіміравіча, і пераканайцеся самі. У нашай краіне пражывае амаль 10 мільёнаў жыхароў, і, паверце, калі вы глыбока капнёце, то напэўна знойдзеце сваіх далёкіх сваякоў і ў Нясвіжскім раёне. Гэта асаблівасць невялікай краіны.

Пры такім падыходзе можна папросту вінаваціць у ангажаванасці ўсіх кандыдатаў у дэпутаты ад Магілёўскай вобласці, але, як вы разумееце, гэта несур’ёзна.
Міхаіл Мясніковіч ніякага дачынення да маёй перадвыбарчай дзейнасці не мае.

«НН»: Як вы ацэньваеце працу прэм’ер-міністра? Асабліва ягоную пазіцыю на збліжэнне і інтэграцыю з саюзамі, дзе вяршэнствуе Расія?

ЗВ: Дзейнасць прэм’ер-міністра можа аб’ектыўна ацаніць толькі наш прэзідэнт, які мае права прызначаць прэм’ера. З майго боку даваць якія-небудзь ацэнкі будзе некарэктна. Толькі дэпутат, член стала дзеючай камісіі па эканамічных пытаннях, можа характарызаваць ступень рэалізацыі заканадаўства па пытаннях развіцця эканомікі краіны. Што ж тычыцца інтэграцыйных працэсаў, то тут мая пазіцыя грунтуецца на шматвектарнасці знешняй палітыкі, якая вызначаецца эканамічнымі інтарэсамі краіны, бо за дабрабытам краіны стаіць дабрабыт кожнага грамадзяніна. Спытайце ў любога гандляра на рынку — дзе ён купляе і куды прадае тавар, і ён вам адкажа: купляю дзе танней, прадаю дзе выгадней, розніцу пасля выплаты падаткаў кладу ў кішэню. Вось і ўся інтэграцыя!

Будзе выгадна нашым людзям ад інтэграцыі — будзем інтэгравацца.
Еўрапейцы гэта зразумелі і ўсімі сіламі ратуюць Еўрасаюз, а газ, між іншым, з Расіі пампуюць.

«НН»: Што вы думаеце аб ушчыльненні мікрараёна Уручча-2? Там будуюцца шматкватэрныя дамы для супрацоўнікаў АМАП насуперак закону і жаданню грамадзянаў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Ці будзеце вы абараняць інтарэчы тых, хто выступае супраць будаўніцтва?

ЗВ: Я пакуль толькі кандыдат у дэпутаты, і таму не вазьмуся ацэньваць законнасць будаўніцтва дамоў для супрацоўнікаў АМАП. Гэтыя рашэнні прымаліся мясцовымі органамі выканаўчай улады без майго ўдзелу. Што ж тычыцца нежадання грамадзян бачыць гэтыя дамы, то

я ў сваёй перадвыбарнай праграме прапаную стварыць пры Адміністрацыі Першамайскага раёна грамадскі савет, куды ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў, паважаныя і аўтарытэтныя людзі раёна, для таго, каб пытанне было вырашана шляхам кампрамісу.

«НН»: Якія ў вас адносіны з дзейсным дэпутатам па Уручскай выбарчай акрузе Ігнатам Місурагіным? Як ацэньваеце вынікі ягонай працы ў парламенце?

ЗВ: З Ігнатам Арцёмавічам мяне звязвае сумесная служба ў Ваеннай акадэміі. Як старшыня стала дзеючай камісіі па пытаннях нацыянальнай бяспекі ён зрабіў вельмі шмат для ўмацавання заканадаўчай базы гэтай сістэмы. Новая рэдакцыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зацверджаная ў 2010 годзе, — яркі прыклад ягонай настойлівай дзейнасці. Гэтая праца будзе працягнутая.

* * *

Даведка:

Зыгмунд Валевач нарадзіўся ў 1953 годзе ў Нясвіжскім раёне. Скончыў Мінскае Вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча ПВА. Працаваў на ваенных пасадах, мае званне палкоўніка. Апошняя пасада — начальнік навукова-даследчай лабараторыі ваеннай адукацыі навукова-даследчай часткі Ваеннай акадэміі РБ.

Мае дыпломы аб сканчэнні чатырох універсітэтаў.
Жанаты, мае двое дзяцей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0