Нацыянальная зборная Беларусі стартавала ў адборы да чэмпіяната свету-2014. Першую гульню выпала праводзіць у Тбілісі. Па сваім патэнцыяле зборныя Грузіі і Беларусі прыкладна роўныя, гэта зафіксавалі і букмекеры.

На справе ж атрымліваецца, што які раз пра роўных магчымасцях нашы атрымліваюць «баранку». Так было пры Штанге, цяпер паўтараецца з Кандрацьевым. У першым тайме цудоўныя моманты ўпусцілі Сяргей Балановіч і Антон Пуціла. Увогуле, беларусы былі бліжэй да гола.
Першы тайм азмрочыўся толькі траўмамі Паўла Няхайчыка і Максіма Жаўнерчыка. Абодвух трэнер быў вымушаны замяніць. У другім тайме на насілках яшчэ вынеслі з поля Яна Цігарава.

Другі тайм зноў пачаўся з атак нашай зборнай. Але забілі грузіны. Тарніке Акрыашвілі пакінуў сваім фінтом у дурнях адразу трох беларусаў (Пуцілу, Верхаўцова і Цігарава) і спакойна пакаціў мяч міма Верамка — 1:0.

Калі беларусы апынуліся ў ролі, што адыгрываецца, вастрыня ў атацы кудысьці прапала. Запомніўся толькі роспачны ўдар абаронцы Максіма Бардачова. Грузіны перамаглі і не скажаш, што не заслужана.
БАТЭ ў гэтым адборачным цыкле да Лігі чэмпіёнаў паказаў, як трэба гуляць да апошняй хвіліны. Чатыры з дзевяці галоў каманда забіла ў кампенсаваны час, зборнай такой канцэнтрацыі і прагі барацьбы не хапае.
У аўторак хлопцы Кандрацьева правядуць матч з Францыяй у Парыжы. Пачатак а 22:00.

Французы сёння выйгралі ў гасцях у Фінляндыі 1:0 (Абу Дыабі, 20-я хвіліна).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?