Расія з’яўляецца найважнейшым партнёрам Беларусі ў знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці, аб гэтым 10 верасня заявіў Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Ігара Петрышэнкі Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

Назначаючы Ігара Петрышэнку, Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што, працуючы паслом, ён таксама будзе прадстаўляць Беларусь у розных інтэграцыйных структурах: «Гэта датычыцца і палітыкі, і эканомікі, і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку абароннага супрацоўніцтва нашых дзяржаў».

«Прычыны такога сумяшчэння, у свой час гэта было маё рашэнне, розныя.
Але галоўнае — нам няма сэнсу на некаторыя пасады накіроўваць асобнага чалавека, бо там не такі аб’ём работы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка —
Больш таго, міністру і кіраўніку Адміністрацыі даручана ў бліжэйшы час унесці прапановы па скарачэнні нашага прадстаўніцтва там, дзе гэта не патрэбна, дзе мы можам абысціся. А так у нас прыкладна дзве сотні чалавек, якія сёння прадстаўляюць краіну ў структурах, а працуюць, напэўна, каля палавіны. Таму ў бліжэйшы час мы ўпарадкуем гэту сістэму, у тым ліку такім чынам, як тут».

Разам з тым Лукашэнка не выключыў, што на расійскім напрамку з прычыны актыўнага развіцця інтэграцыйных працэсаў гэты падыход можа быць зменены:«Усё ж аб’ём работы тут значны. Інтэграцыя ў нас цяпер не проста аднавілася, а ідзе вельмі актыўна ў сувязі з пазіцыяй Расіі, нацэленай на інтэграцыю. Таму, калі будзе гэта неабходна, мы па вашай прапанове гатовы перагледзець гэты парадак».

Як адзначыў Лукашэнка, Ігар Петрышэнка раней працаваў у пасольстве ў Расіі, а таму ведае гэту работу знутры. «Па-другое, вас вельмі добра ведаюць у Расійскай Федэрацыі і добра ацэньваюць вашу работу», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, новы пасол непасрэдна знаёмы з інтэграцыйнай тэматыкай і ў тым ліку прымаў удзел ў фарміраванні і выпрацоўцы нарматыўна-прававой базы гэтых адносін.

«Хачу, каб вы разумелі, што пасол у Расійскай Федэрацыі, як, дапусцім, пасол у Венесуэле, іншых апорных рэгіёнах, — гэта не проста пасол, гэта нешта большае, — падкрэсліў ён.
— Расійская Федэрацыя — гэта найважнейшы наш партнёр у знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. Вельмі спадзяюся, што вы дастойна будзеце прадстаўляць інтарэсы беларускай дзяржавы ў Расійскай Федэрацыі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?