«Пах гэтых палёў мае ў сабе нешта экзатычнае», — тлумачыць свой учынак 17‑гадовая Крысьцін.

Нямецкія турысты плацяць па 750 эўра за тыдзень на Сыцыліі, падчас якога бясплатна працуюць — зьбіраюць апэльсыны. Пра гэтыя нетыповыя і ўсё больш папулярныя сярод немцаў паездкі на працу ў Італію піша газэта «La Repubblica».

Уладальнікі апэльсынавых плянтацыяў з ваколіцаў Катаніі доўгі час ламалі галаву, дзе знайсьці работнікаў для збіраньня апэльсынаў, тым больш што з-за праблемаў на рынку садавіны плаціць яны ім не маглі нават і па 8 эўра за гадзіну, як раней.

I тады аднаму сыцылійцу, які жыве ў Баварыі, прыйшла да галавы арыгінальная ідэя. Ён пачаў рэклямаваць у нямецкай прэсе вядомыя чырвоныя сыцылійскія апэльсыны і паездкі на Сыцылійскую выспу для працы па зборы садавіны.

За год на плянтацыі пад Катаніяй ён прывёз ажно шэсьць нямецкіх груп. Большую частку дня немцы працуюць, а ў вольныя хвіліны знаёмяцца з Сыцыліяй.

Чарга ахвотных да “працоўнага” турызму ўжо складае 4 тысячы чалавек. Сярод іх ёсьць супрацоўнікі авіялініяў, інжынэры, выкладчыкі, пэнсыянэры і студэнты.

‑ Я хацеў пабачыць, як жывецца і працуецца на Сыцыліі, — кажа адзін з герояў рэпартажу.

17‑гадовая Крысьцін прызнаецца: «Гэта цудоўная забава, пах гэтых палёў мае ў сабе нешта экзатычнае».

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0