Каб абавязацельствы Беларусі па дэмакратычных выбарах у межах АБСЕ лічыліся выкананымі, у грамадзян павінна быць магчымасць свабодна выбіраць сваіх прадстаўнікоў, не асцерагаючыся апынуцца ў турме за крытыку ўладаў. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ Матэа Мекачы.

Ён паведаміў, што падчас іх сумеснага з прэзідэнтам ПА АБСЕ Рыкарда Мільёры візіту ў Мінск (з 9 па 12 верасня) адбыўся шэраг сустрэч. 10 верасня яны сустрэліся з кіраўніцтвам беларускага парламента, кіраўніком ЦВК і новым міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. На 11 верасня запланаваны сустрэчы з лідарамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікамі беларускіх СМІ. «Мы шкадуем, што ў нас няма магчымасці сустрэцца з тымі з іх, хто знаходзіцца ў турме, але мы пра іх не забыліся», — падкрэсліў Мекачы.

Каардынатар місіі нагадаў, што ПА АБСЕ неаднаразова заклікала ўлады Беларусі вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных.

Мекачы станоўча ацаніў той факт, што Беларусь усё ж вырашыла ўзаемадзейнічаць з АБСЕ і запрасіла назіральнікаў арганізацыі на парламенцкія выбары.

«Сутнасць мандата АБСЕ па назіранні за выбарамі заключаецца ў праверцы таго, ці паважаліся грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян, і гэта адна з нашых мэтаў і ў Беларусі. Мы хочам пераканацца, што дэмакратычныя імкненні беларускіх грамадзян могуць быць выказаны і, урэшце рэшт, дасягнуты», — сказаў Мекачы.

Паводле яго слоў, пакуль яшчэ занадта рана рабіць нейкія высновы пра ход выбарчага працэсу, але назіральнікі АБСЕ ўжо бачаць, што «ёсць некаторыя старыя праблемы ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў».
Гэтыя праблемы, як і зняцце з тэлеэфіру перадвыбарных ролікаў тых кандыдатаў, якія заклікалі да байкоту выбараў, знойдуць адлюстраванне ў выніковай справаздачы місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, адзначыў каардынатар.

«Мы заклікаем Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, паважаць свабоду СМІ, дазволіць людзям гаварыць свабодна і паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Дэмакратычным працэсам прадугледжваецца і тое, што грамадзяне свабодна могуць выбіраць, ці ўдзельнічаюць яны ў гэтым працэсе, — заявіў Мекачы. — У найлепшым выпадку выбарчыя органы, дзяржаўныя чыноўнікі, палітычныя партыі, СМІ і грамадзянская супольнасць дапамагаюць ствараць яркую атмасферу, якая ўключае ў сябе і свабоду перамяшчэнняў, свабоду слова і сходаў. У выніку людзі хочуць удзельнічаць і галасаваць. Калі гэтыя дэмакратычныя фактары адсутнічаюць, то зразумела, што некаторыя людзі не жадаюць удзельнічаць у такім працэсе».

Матэа Мекачы не змог адказаць на пытанне, чаму прызначэнне яго каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ выклікала негатыўную ацэнку з боку Аляксандра Лукашэнкі.

«Як кіраўнік камітэта па правах чалавека ПА АБСЕ, я заўсёды акцэнтаваў увагу на праблемах у гэтай сферы ва ўсіх краінах — удзельніцах АБСЕ, уключаючы Беларусь, маю родную Італію або ЗША, да прыкладу. Як дасведчанаму назіральніку за выбарамі і чалавеку, які сочыць за палітычным жыццём у Мінску, мне здаецца, многія людзі ведаюць, што я добра падрыхтаваны для таго, каб прадстаўляць АБСЕ ў гэтай назіральнай місіі», — сказаў Мекачы.

Ён адзначыў, што падчас цяперашняга візіту «быў добра прыняты прадстаўнікамі беларускіх уладаў». «Але гэта не перашкодзіць мне застацца непрадузятым адносна выбараў, — падкрэсліў Матэа Мекачы. — Мы спадзяемся дапамагчы Беларусі зрабіць неабходныя крокі, каб зноў адчыніць дзверы да еўрапейскай супольнасці. Але спачатку павінна быць дадзена ацэнка ўсім элементам выбарчага працэсу».

«Каб выбары адпавядалі стандартам і абавязацельствам АБСЕ, грамадзяне павінны валодаць усёй інфармацыяй і мець магчымасць зрабіць свабодны выбар сярод мноства варыянтаў», — рэзюмаваў каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?