У выбарчых камісіях праходзяць ролевыя гульні, падчас якіх асаблівая ўвага надаецца ролі назіральніка пры падліку галасоў. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна адзначыла, што Цэнтрвыбаркам распрацаваў спецыяльныя дапаможнікі для акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, у якіх «у гульнявым варыянце проста даецца адказ на пытанне».

У той жа час, адказваючы на пытанне, ці змогуць назіральнікі бачыць пры падліку галасоў, за якое прозвішча прагаласаваў выбаршчык, Ярмошына адзначыла: «У дапаможніках мы такое ніколі не пішам — гэта занадта суб’ектыўна».

У дапаможніку для членаў участковых камісій указана, што «назіральнікі, якія прысутнічаюць пры падліку галасоў, займаюць месцы, што дазваляюць ім назіраць за дзеяннямі членаў участковай камісіі, але так, каб не ствараць пры гэтым перашкод іх працы». Акрамя таго, там апісваецца сітуацыя з удзелам назіральніка: «Назіральнік заявіў, што знаходзіцца далёка ад стала, на якім падлічваюцца бюлетэні, не бачыць працэсу падліку, таму заняў месца бліжэй да стала. Старшыня вярнуў назіральніка на ранейшае месца і папярэдзіў, што выдаліць з памяшкання для галасавання, калі ён будзе падыходзіць бліжэй. Назіральнікі маюць права не толькі прысутнічаць пры падліку галасоў, але мець рэальную магчымасць назіраць працэдуру падліку. Таму старшыня камісіі не мае права ігнараваць такую просьбу: ён павінен указаць назіральнікам месца іх размяшчэння, якое дазваляе аглядаць падлік».

Як паведамлялася раней, прадстаўнікі ЦВК абяцалі забяспечыць магчымасць назірання за працэдурай падліку галасоў. «У ЦВК нас запэўнілі, што нашы назіральнікі змогуць свабодна назіраць за падлікам галасоў», — паведаміў БелаПАН кіраўнік доўгатэрміновай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Антоніа Мілашоскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?