Раніцай 11 красавіка адышоў у вечнасць адзін са старэйшых святароў у Беларусі кс. Люцыян Паўлік, марыянін, шматгадовы пробашч парафіі ў Задарожжы (Віцебская дыяцэзія).

Нарадзіўся ў 1913 г. ва ўсходняй Польшчы, уступіў у закон марыянаў і ў 1944 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Сваё служэнне кс. Люцыян Паўлік МІС распачаў падчас вайны ў Ідолце, пасля служыў пробашчам у Друі. Пасля вайны быў асуджаны на 25 гадоў лагераў і шэсць гадоў правёў у сталінскім ГУЛАГу, цяжка працуючы ў тайзе. Пасля вызвалення ў 1957 г. пачаў служыць у задарожскім касцёле, даязджаючы са святарскай паслугай у аддаленыя парафіі ў Нарачы і Лынтупах. З пачатку 90‑х гадоў мінулага стагоддзя актыўна займаўся аднаўленнем знявечаных атэістычным рэжымам святыняў. Яго намаганнямі былі адноўленыя касцёлы ў Лужках, Празароках, Германавічах, капліца ў Прошкаве, распачата будаўніцтва касцёла ў Падсвіллі замест знішчанай у змрочныя савецкія часы святыні.

Развітанне з кс. Люцыянам Паўлікам МІС будзе праходзіць у задарожскім касцёле (Глыбоцкі р‑н; па трасе Глыбокае—Полацк каля 20 км. ад Глыбокага, паварот на в. Мнюта).

Пра час і месца пахавання святара будзе паведамлена пазней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?