У Старым замку Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка‑археалягічнага музэю адчынілася выстава, прысьвечаная вядомаму палітычнаму дзеячу і папулярнаму кампазытару XVIII‑XIX стагоддзяў Міхалу Клеафасу Агінскаму, аўтару вядомага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».

Каля 40 ксэракопіяў фотаздымкаў прадставіў на выставе Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. На іх адлюстраваны Агінскі і прадстаўнікі яго роду, у тым ліку сыны, дочкі, унукі, палітычныя і дзяржаўныя дзеячы з роду Агінскіх.

Экспанаты адлюстроўваюць мясьціны, зьвязаныя зь вядомым кампазытарам, яго сядзібу Залесьсе ў Смаргонскім раёне, італьянскі горад Флярэнцыю, дзе ён правёў апошнія гады жыцьця. Прадстаўленыя матэрыялы дапоўненыя экспанатамі з фондаў Гарадзенскага гісторыка‑археалягічнага музэю: гэта кніга мэмуараў, напісаная Міхалам Клеафасам Агінскім і выдадзеная ў Польшчы, перапіска прадстаўнікоў роду Агінскіх.

Перасовачная выстава ўжо экспанавалася ў музэі Агінскага ў Залесьсі ‑‑ філіяле Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Эспазыцыя была таксама прадстаўленая ў Смаргонскім раённым гісторыка‑краязнаўчым музэі. У Горадні яна прадоўжыцца да 10 траўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?