Яны прапануюць заключыць дамовы на размяшчэнне рэкламы. Пры гэтым, спасылаючыся на ўнутраныя патрабаванні свайго новага ўладальніка, расійскага «Газпрама», яны просяць прадаставіць падрабязныя звесткі пра заснавальнікаў і ўласнікаў СМІ, уключаючы канечных бенефіцыяраў (тых, хто атрымлівае дывідэнды). Гэта незвычайна: звыклыя рэкламадаўцы проста даюць рэкламу — або не даюць. А нашто рэкламадаўцу ведаць адносіны ўласнасці ў выданні?

У звароце за подпісам начальніка упраўлення «Белтрансгаза» А. В. Курзава прапануецца запоўніць форму, якая змяшчае інфармацыю пра імёны, прозвішчы, хатнія адрасы і кантактныя тэлефоны кіраўнікоў, акцыянераў і бенефіцыяраў беларускіх СМІ.
Таксама ўтрымліваецца просьба даслаць копію старонак статуту арганізацыі са звесткамі пра яе ўладальнікаў, і копію загаду аб прызначэнні на пасаду кіраўніка прадпрыемства.
Такім чынам, Белтрансгаз прапаноўвае выйсці далека за межы традыцыйнага для рэкламных спраў прадастаўлення копій пасведчання аб рэгістрацыі прадпрыемства-заснавальніка і пасведчання аб рэгістрацыі СМІ. Чаму?

Пасля леташніх буйных скандалаў у электраэнергетыцы Расіі, калі высветлілася, што самыя паплатныя пастаўкі і падрады для дзяржкампаній ажыццяўляюць фірмачкі, якія належаць кіраўнікам гэтых дзяржкампаній, іхным жонкам, сынам і дочкам,

у заканадаўства Расіі былі ўнесены палажэнні, якія патрабуюць ад усіх контрагентаў дзяржкампаній або іх даччыных структур (незалежна ад віду дамовы і паслуг, якія аказваюцца) надаваць звесткі аб заснавальніках бенефіцыярах, і г.д.
І ўсе ў Расіі, хто працуе з дзяржкампаніямі, а гэта вялізны сэктар эканомікі, цяпер вымушаны гэтыя звесткі даваць.
Іншая справа, што гэтыя звесткі могуць згуляць і ў іншы бок.
Міжволі прыгадваецца, што ў дзелавой практыцы за зборам звестак пра ўласніка таго ці іншага актыву часта ідзе прапанова аб яго набыцці. У выпадку з беларускімі СМІ і «Белтрансгазам» («Газпрамам») імавернасць падобнага сцэнару сілкуецца цэлым шэрагам дадатковых акалічнасцяў. Дыверсіфікаваны бізнес расійскага газавага манапаліста даўно ўжо не абмяжоўваецца толькі энэргетычным сектарам. Напрыклад,
з 1998 года дзейнічае холдынг «Газпрам-Медыя», якому сёння належаць дзясяткі тэле- і радыёканалаў, газет, часопісаў, а таксама інтэрнэт-парталаў Расіі і краін былога СССР.
Дастаткова прыгадаць такія папулярныя СМІ, як НТВ, НТВ-Плюс ці радыёстанцыя «Рэха Масквы».
Існаванне медыйнай кампаніі «Газпрама» само сабой апраўдвае магчымыя спробы прыкупіць некаторыя СМІ ў суседняй Беларусі.
Цалкам стасуюцца яны і са стратэгіяй Крамля, якому падкантрольны «Газпрам», распаўсюдзіць уплыў на памежныя краіны. Прычым якраз апошняя акалічнасць здольна стаць асноўным драйвам такіх спроб.
З пункту гледжання эканомікі, актывы беларускіх недзяржаўных СМІ не ўяўляюць асаблівай цікавасці для інвестараў, бо іх рэнтабельнасць (нават у самых паспяховых і папулярных), як правіла, не перавышае 5–10%.
Многія ж увогуле з года ў год балансуюць на мяжы банкруцтва і выжываюць выключна дзякуючы фінансавым уліванням заснавальнікаў ці спонсараў. Затое набыццё недзяржаўных СМІ Беларусі, якім найбольш давярае электарат краіны, здзейсніла бы даўнія мары Крамля займець яшчэ большы ўплыў на розумы беларусаў. Для такой мэты не шкада патраціць энную колькасць мільёнаў USD.

Хутчэй за ўсё, сярод заснавальнікаў беларускіх прыватных СМІ зойдуцца тыя, хто не ўтрымаецца ад спакусы прадаць свой «галаўны боль» багатаму купцу, які гатовы прапанаваць суммы з пяццю-шасцю нулямі. Тое цалкам верагодна, калі ўлічыць купецкую здольнасць «Газпрама».

Летась толькі ў «Газпрам-Медыя» кансалідаваная выручка склала 46,876 млрд. RUB, ці больш за 1,5 млрд. USD.

Як расказаў «Нашай Ніве» рэдактар адной уплывовай недзяржаўнай газеты, да яго нядаўна прыязджалі з іншай расійскай медыякампаніі з недвухсэнсоўнымі прапановамі.

Канечне, наўрад ці прадавацца будуць ідэйныя выданні і для якіх пераход пад кантроль «Газпрама» ці якога іншага расійскага ўладальніка быў бы сінонімам здрадніцтва. Але

хапае друкаваных СМІ, тэле-, радыёканалаў ды інтэрнэт-парталаў, уладальнікі якіх больш дбаюць пра капейку, чым пра ідэалы.

Паводле словаў уласнікаў некаторых уплывовых выданняў, яшчэ некалькі гадоў таму чыноўнікі беларускага ўрада неафіцыйна папярэдзілі іх пра тое, што будуць перашкаджаць магчымым здзелкам па продажы медыяактываў расіянам. Аднак з таго часу шмат што змянілася, і сёння Крэмль як ніколі займеў моцны ўплыў на кіраўніцтва Беларусі. На гэтым фоне імпэт у абароне нацыянальных інтарэсаў моцна аслабеў.

Няцяжка спрагназаваць наступствы гэтага для айчыннага медыярынку.
Большы ўплыў, меншая беларускасць… На НТВ здараецца пабачыць рэпартажы з беларускіх гарадоў, дзе нават не прыгадваецца, што здымкі зробленыя ў Беларусі, а тамтэйшыя жыхары называюцца не іначай як «русские люди». Расійская эліта не жадае бачыць нас суверэннай краінай і нават гэтага не хавае, а за задавальненне сваіх імперскіх абіцый гатовая плаціць вялікія грошы.
Не трэба сябе падманваць і сучасным дэвізам «Газпрам-Медыя» «кіраванне не кантэнтам, а бізнесам».
Бо калі кантэнт не падабаецца — заўсёды можна памяняць кіраўніка СМІ, які забяспечыць правільную падачу інфармацыі. Сітуацыя Аляксея Венедыктава з «Рэха Масквы» і канала НТВ — добры таму прыклад.
На адной з ліпеньскіх нарад прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым, што дзейнасць некаторых замежных банкаў у Беларусі падобна да дзейнасці замежных агентаў.
Поводле ягоных словаў, банкі збіраюць звесткі пра фінансавы стан айчынных прадпрыемстваў, з няяснымі мэтамі.
Здаецца, аналагічнае адбываецца і на важным для краіны інфармацыйным рынку.

Копія звароту «Белтрансгаза», пра які гаворка.

Копія звароту «Белтрансгаза», пра які гаворка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?