Беларускія медыкі занепакоены бескантрольным выкарыстаннем школьнікамі камп'ютараў і іншых электронных прыстасаванняў.
Пра гэта заявіла выканаўца абавязкаў загадчыцы лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Інеса Жукоўская 13 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, размова ідзе аб выкарыстанні электронных прыстасаванняў у дамашніх умовах. Згодна з вынікамі анкетавання, у сярэднім старшакласнікі праводзяць за камп'ютарамі і праглядам тэлепраграм не менш як тры гадзіны ў дзень, некаторыя — па пяць-шэсць гадзін. Больш за ўсё часу за камп'ютарам праводзяць вучні старэйшых класаў. У малодшых класах сярэдні час выкарыстання электронных прыстасаванняў дасягае паўтары гадзіны. "Бацькі, як правіла, у палове выпадкаў не кантралююць гэты працэс", — сказала спецыяліст.

З павелічэннем часу карыстання электроннымі прыстасаваннямі спецыяліст звязвае пагаршэнне зроку ў школьнікаў.

За апошнія 10 гадоў захворванне на міяпію ў школьнікаў павялічылася ў два разы. Апрача таго, паводле слоў спецыяліста, "катастрафічна змяншаецца рухальная актыўнасць", што вядзе да паталогіі апорна-рухальнага апарата.

Жукоўская заявіла пра тое, што неабходна растлумачальная праца з бацькамі аб недапушчальнасці бескантрольнага выкарыстання дзецьмі камп'ютараў і іншых электронных прыстасаванняў.

Пры гэтым, паводле яе слоў, на здароўі школьнікаў не адбіваецца выкарыстанне індывідуальных электронных прыстасаванняў, як правіла нетбукаў, у межах навучальнага працэсу.
Работа з камп'ютарам на ўроках не перавышае рэкамендаваныя гігіенічныя нарматывы. Малодшыя школьнікі працуюць з электроннымі прыстасаваннямі 5—10 хвілін, старэйшыя — 15—20.

У сваю чаргу вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця" Ірына Мітрашэнка заявіла, што не з'яўляецца прыхільніцай прымянення электронных прыстасаванняў дзецьмі. Паводле яе слоў, механізм успрымання тэксту ў кнізе і на электронным экране значна адрозніваецца. Апрача таго, заявіла спецыяліст, любы чалавек, які доўга працуе за камп'ютарам, адчувае стомленасць і галаўны боль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?