Жыхары катэджных дамоў у пасёлку Калодзішчы пад Мінскам сабралі 1,5 тыс. подпісаў і патрабуюць ад уладаў змяніць праект забудовы мікрараёна Зялёны Бор, які мае забудоўваць мільянер Юрый Чыж. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Насця Кажапенка.

На тэрыторыі на ўсход ад Мінска, недалёка ад пасёлка Калодзішчы, плануецца пабудаваць каля 5–6 млн. квадратных метраў жылля, ЦЭЦ, сартавальную станцыю і дадатковую ветку чыгункі праз Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Сціклева».
Апрача таго, прадугледжваецца пабудаваць новую аўтадарогу, якая запатрабуе зносу гаражнага кааператыва.

Эколагі мяркуюць, што «любое будаўніцтва на тэрыторыі Рэспубліканскага біялагічнага заказніка „Сціклева“ з’яўляецца не толькі парушэннем пастановы Савета міністраў, але і ставіць пад пагрозу поўнага знікнення рэдкія віды раслін, што занесены ў Чырвоную кнігу».

Мясцовыя жыхары не згодны з першапачатковым праектам, які выносіўся на грамадскае абмеркаванне 15 мая 2012 года.

Яны паставілі 1,5 тыс. подпісаў пад адкрытым зваротам з патрабаваннем змяніць праект, выключыўшы з яго будаўніцтва сартавальнай станцыі, ЦЭЦ і пашырэнне чыгуначнай веткі.

У адкрытым звароце мясцовыя жыхары адзначалі парушэнні норм заканадаўства, а таксама немэтазгоднасць, нерацыянальнасць і эканамічную неабгрунтаванасць размяшчэння запланаваных аб’ектаў.

14 верасня ў 16.00 у будынку Каладзішчанскага сельскага савета (пасёлак Калодзішчы, вул. Кароткая, 1а) адбудзецца абмеркаванне праекта «Генеральны план пасёлка Калодзішчы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?