Пра гэта падчас перадвыбарнага пікета пяці спікераў АГП заявіў лідар партыі Анатоль Лябедзька.

Пікет АГП прайшоў вечарам 13 верасня каля сталічнага гандлёвага цэнтра «Рыга». На ім прысутнічалі кандыдаты-спікеры АГП Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Ганна Канапацкая, Мікалай Казлоў і Уладзімір Раманоўскі. Актывісты АГП раздавалі прахожым улёткі з просьбай не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і не галасаваць на выбарах.

Выступаючы перад прысутнымі, Лябедзька заявіў, што правядзенне гэтага пікета — своеасаблівы адказ на нявыхад у эфір «нават тых выступленняў, якія доўжыліся пяць хвілін і то ў запісы і пад цэнзурай». Ён адзначыў, што за чатыры гады цяперашняе 4-е скліканне Палаты прадстаўнікоў распрацавала толькі тры законапраекты.

«Гэта ўсё адно, калі б рабочы завода „Гарызонт“ за 4 гады сабраў тры тэлевізары, але зарплату атрымаў за чатыры гады», — сказаў Лябедзька.
Таксама ён адзначыў, што ніводзін чалавек не змог назваць трох дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. «Хоць гэта тыя, за каго мы нібыта галасавалі ўсяго чатыры гады таму», — сказаў Лябедзька.

Ён заявіў, што такая сітуацыя склалася таму, што дэпутаты не выбіраюцца, а прызначаюцца. «Таму мы здымаемся з псеўдавыбараў і заклікаем вас не хадзіць і не галасаваць на гэтых выбарах», — заявіў Лябедзька.

Тым, каго прымусяць прыйсці на выбары, ён прапанаваў галасаваць супраць усіх кандыдатаў у дэпутаты, «якімі б сімпатычнымі вам яны ні здаваліся».

Астатніх жа заклікаў данесці гэты сцэнарый да сваіх блізкіх і знаёмых.

Асобна Лябедзька спыніўся на праблеме палітзняволеных. Ён адзначыў, што гэтыя людзі асуджаныя толькі за тое, што мелі адрозны ад улады пункт гледжання на развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч заявіў, што цяпер вырашэнне эканамічных праблем немагчымае без змены ўлады.

Маці палітзняволенага Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч расказала аб праблемах палітзняволеных, а падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў — аб тым, як фальсіфікаваліся выбары ў 2008 годзе.

Пасля гэтага спікеры АГП адказвалі на пытанні грамадзян, прычым больш за ўсё пытанняў паступіла да Станіслава Багданкевіча.

У канцы пікета Лябедзька заклікаў прысутных далучацца да кампаніі АГП «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!». Пікет прайшоў без інцыдэнтаў і прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі ў форме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?