На канфэрэнцыі ў Вільні ўмоўна аб'яднаныя дэмакраты дыскутуюць пра стратэгію і — ну канешне! — пра кангрэс.

Чарговы раз прызначаны тэрмін правядзеньня апазыцыйнага форуму — травень. Мілінкевічу, мяркуючы па ўсім, выкруцілі рукі.

Наўрад ці пытаньне кангрэсу надта хвалюе кагосьці, акрамя апазыцыйнага бамонду. Цікавей даведацца пра стратэгію.

Канешне, па фрагмэнтарных паведамленьнях рабіць вычарпальныя высновы цяжка. Але вось квінтэсэнцыя, данесеная праз радыё "Свабода": галоўная мэта — правядзеньне ў Беларусі свабодных выбараў.

Чакайце, нешта знаёмае!

Уздымаю свой ўэб-архіў.

24 красавіка 2006 году Вінцук Вячорка анансуе асноўную мэту кампаніі "За свабоду", што кладзецца ў падмурак пасьлявыбарнай стратэгіі АДС: "Палітычнае патрабаваньне — правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў".

29 траўня летась Аляксандар Мілінкевіч з нагоды зацьвярджэньня стратэгіі АДС на паўтара гады кажа пра "выразна сфармуляваныя мэты". "Іх мы вызначылі так: па-першае, адстаўка рэжыму і абвяшчэньне свабодных выбараў. Па-другое, перамога дэмсілаў на свабодных выбарах. І па-трэцяе, дэмакратыя, дабрабыт, незалежнасьць".

Цытаты можна доўжыць.

Карацей, стратэгія па-ранейшаму палягае ў тым, што лепей быць здаровым ды багатым, чым бедным ды хворым:)

Хто супраць? Хто устрымаўся? Аднагалосна!

Зрэшты, калі бяз сьцёбу, то новае ў стратэгіі ўсё ж ёсьць. Са слоў распрацоўнікаў, апазыцыя пераносіць акцэнт з вулічных акцый на "эвалюцыйны працэс", або "мірны шлях мадэрнізацыі". То бок рэвалюцыя адмяняецца :) Наверсе могуць выцерці пот зь ілба.

Безумоўна, трэба быць рэалістамі. Ну няма, няма рэвалюцыйнай сытуацыі! А кволыя ручаінкі маніфэстантаў толькі дыскрэдытуюць ідэю вулічных акцыяў.

І, канешне ж, беларускае грамадзтва так ці іначай будзе эвалюцыянаваць. Толькі якія вагары ўзьдзеяньня на працэс бачацца апазыцыйным крэатыўнікам? Няўжо ўлёткі з папулярным выкладаньнем тэорыі эвалюцыі ў вэрсіі кангрэсу?

Наўрад ці ўлада плянуе раздаць апанэнтам міністэрскія партфэлі для удзелу ў "мірнай мадэрнізацыі". То бок ўсё адно застаецца барацьба. Але ж любая барацьба — самба, дзю-до, каратэ і палітычная таксама! — мае арсэнал прыёмаў. Якія канкрэтныя прыёмы прапануе тытульная апазыцыя — пакуль што застаецца вялікай таямніцай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?