Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў стварыць вытворчасць карамелі на Жабінкаўскім цукровым заводзе.
Гэтае даручэнне было дадзена 13 верасня падчас наведвання прадпрыемства ў ходзе рабочай паездкі па Брэсцкай вобласці, паведаміла прэс-служба ўрада.

«Пералік прадукцыі, што вырабляецца на нашых цукровых заводах, дастаткова абмежаваны. Пастаўлена задача на працягу найбліжэйшага года стварыць на заводзе магутнасці па вытворчасці карамелі», — сказаў прэм’ер-міністр журналістам.

Мясніковіч адзначыў, што сёння Беларусь імпартуе карамель у асноўным з Украіны. Разам з тым «у краіне ёсць усе неабходныя рэсурсы для стварэння ўласнай втворчасці такой прадукцыі».

«Задача па зніжэнні сабекошту, выдаткаў выходзіць на самы першы план, бо ад гэтага залежыць і эфектыўнасць вытворчасці, — падкрэсліў ён. — Калі мы не будзем зніжаць сабекошт, калі не будзем працаваць з выдаткамі на прадмет іх скарачэння, у нас няма перспектыў. Таму валу любой цаной не павінна быць. Мы павінны рабіць высокакласныя прадукты з высокай глыбінёй перапрацоўкі і з нізкім сабекоштам. Тады ў нас будзе нармальны прыбытак, які забяспечыць не толькі простае, але і пашыранае ўзнаўленне».

Прэм’ер-міністр таксама закрануў пастанову № 841 ад 11 верасня 2012 года, якой за кожным членам урада замацоўваюцца прадпрыемствы і інвестыцыйныя праекты. «Мы не ставім задачу падмяніць кіраўнікоў, забяспечваць выкананне функцый дырэктарскага корпусу, а будзем працаваць над тым, каб зрушыць гэтыя прадпрыемствы з мёртвай кропкі для таго, каб яны працавалі сапраўды эфектыўна», — патлумачыў Мясніковіч. Паводле яго слоў, сёння ў няпростых умовах па розных прычынах знаходзяцца многія прадпрыемствы. «Трэба ім дапамагчы адпаведным чынам, для гэтага і неабходны прарыўныя праекты», — заявіў ён.

Адказваючы на пытанне аб перспектывах развіцця Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання, якое Мясніковіч курыруе, ён адзначыў, што «прадпрыемства знаходзіца ў вельмі няпростым становішчы, аднак сітуацыя не безнадзейная. Дзякуючы мерам, што прымаюцца, ажыццяўляецца структурная перабудова, расце рэнтабельнасць, памяншаюцца складскія запасы». «У прадпрыемства добрыя перспектывы», — упэўнены прэм’ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?