Адміністрацыя дзяржаўнага прадпрыемства «Полацкі вінаробны завод» абвяргае інфармацыю аб спыненні вытворчасці 14 верасняз-за стыхійнай забастоўкі работнікаў.
Пра забастоўку работнікаў, незадаволеных лічбамі ў разліковых лістках, паведаміў інфармацыйны рэсурс ximik.info. Паводле інфармацыі сайта, у атрыманых 13 верасня работнікамі разліковых лістках значылася зарплата, якая не перавышае 2 мільёнаў рублёў. Раніцай у пятніцу незадавальненне работнікаў вінзавода вылілася ў стыхійную забастоўку, адзначае рэсурс. Пры гэтым сцвярджаецца, што кіраўніцтва прадпрыемства нібыта адрэагавала на здарэнне абяцаннем да канца дня пятніцы пералічыць зарплату работнікам.
Аднак дырэктар Полацкага вінзавода Аляксандр Масалаў у інтэрв’ю БелаПАН абверг гэтую інфармацыю.
«Маленькая зарплата — гэта 4 млн. 500 з лішнім тысяч рублёў, больш як 500 долараў за гэты месяц.Знайдзіце ў краіне такія зарплаты яшчэ, — сказаў ён. — Не было неспакою. Як заўсёды атрымалі разліковыя лісткі ўчора, сёння атрымалі зарплату, падыходзяць, удакладняюць. Каму штосьці, можа, даплацілі, камусьці не даплацілі — высвятляем, усё растлумачваецца. Вытворчасць не спынялася. Усе працуюць як звычайна».