Віктар Ганчар, які з самага пачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 года. Вечарам яны пайшлі ў лазню, што ў Мінску па вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Мінска. Паводле даных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві.
Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне выяўленых на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у замешанасці ў іх выкраданні вышэйшых службовых асоб краіны.

Як паведаміў БелаПАН юрыст Гары Паганяйла, справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага намінальна працягвае расследаваць пракуратура Мінска. «Пракуратура рэгулярна паведамляе, што праводзяцца следчыя дзеянні, аднак ні пра вынікі гэтых следчых дзеянняў, ні пра іх сутнасць нікому не паведамляецца. Я лічу, што ўлады чакаюць, калі знікненню Ганчара і Красоўскага споўніцца 15 гадоў і тады гэта справа можа быць спынена з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці», — гаворыць юрыст.

Рэальнае расследаванне справы, адзначыў ён, можа аднавіцца ў выпадку змены існуючай улады. «Тады гэта справа атрымае іншую кваліфікацыю — напрыклад, паводле артыкула 128 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае выкраданне і знікненне чалавека, звязанае з яго палітычнай дзейнасцю, як злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўнасці», — падкрэсліў Паганяйла.

Тым больш, дадаў ён, што справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. «Гады паўтара-два таму праваабаронцы давалі свае каментарыі на адпаведныя каментарыі ўлады, дасланыя ў ААН, як гэта прадугледжана працэдурай разгляду справы. Далей Камітэт па правах чалавека ААН дзейнічае сам — перакладае матэрыялы справы і працягвае разгляд. Справы там могуць разглядацца па 4–5 гадоў», — заўважыў юрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?