У Заводскім (Мінска) раённым аддзеле Следчага камітэта расследуецца справа паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), распачатая 11 верасня па факце пашкоджання ніжняга правага лабавога шкла аўтобуса «Неаплан-116».

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў,

транспартны сродак, які перавозіў пасажыраў, атрымаў пашкоджанне падчас руху каля дома № 30 па Партызанскім праспекце 11 верасня прыкладна ў 18.00 пры нявысветленых акалічнасцях.
На месца здарэння выязджала следча-аператыўная група Заводскога РУУС, якая зафіксавала пашкоджанне шкла ў выглядзе сколу дыяметрам прыкладна 20 мм з расколінамі, якія разыходзіліся ў розныя бакі, скразная адтуліна адсутнічала. Была прызначана комплексная, балістычная экспертызы, хімічнае даследаванне ўзятых узораў.
Паводле даных экспертных заключэнняў ад 14 верасня, скол шкла аўтобуса мае не характэрныя для выстралу з якога-небудзь віду зброі пашкоджання,
на гэта ўказвае і адсутнасць металічных, свінцовых ці пластыкавых часціц, якія застаюцца пасля кантакту з куляй. Балістычная экспертыза таксама паказала, што іншародны прадмет, які трапіў у шкло, меў невялікую кінэтычную энергію і рухаўся знізу ўверх. Хімічнае даследаванне знойдзенай на сколе часціцы чорнага колеру паказала, што гэта бітум, які выкарыстоўваецца ў тым ліку і пры вырабе дарожнага пакрыцця.
На падставе экспертных даных мяркуецца, што лабавое шкло аўтобуса магло быць пашкоджана каменем ці іншым прадметам, якія вылецелі з-пад кола транспартнага сродку, што рухаўся наперадзе аўтобуса.

Варта адзначыць, што гэта не першае пашкоджанне шкла турыстычных аўтобусаў на Партызанскім праспекце ў сталіцы.

Падобны выпадак здарыўся тут вечарам 27 ліпеня.
Праўда, тады ў бакавым шкле аўтобуса, які вяртаўся з турыстамі з Крыма, была выяўлена адтуліна, што дазволіла выказаць меркаванне аб пападанні ў яго кулі ад пнеўматычнай зброі.
Як паведамілі ў праваахоўных органах, пазней гэта версія пацвердзілася. Хто страляў па аўтобусе, невядома.
Па факце хуліганства расследуецца крымінальная справа.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?